МІНСК, 21 сту — Sputnik. Прэм'ера беларускага эка-кіно (то бок, кіно на экалагічную тэматыку) пройдзе 26 студзеня. Sputnik распавядзе вам пра карціны — яны былі знятыя амаль без асабістых укладанняў аўтараў, усё спансіравалі арганізатары конкурсу KINOSPRINT.
"Мы вырашылі ўзяць ды і "змахнуць пыл" з брэнда "беларускае кіно"! Прывесці на адну пляцоўку рэсурсы дасведчаных людзей з аднаго боку і ідэі, бачанне маладых — з другога. Сустрэліся з вядучымі кінапрафесіяналамі, дамовіліся аб стварэнні такой платформы", — распавядае пра мэты конкурса Канстанцін Верабей, арганізатар.
"Дваццацьшастнаццаць"
Прыпавесць у стылі пост-апакаліпсіс. 17 хвілін. Рэжысёры: Дзмітрый Рачкоўскі, Андрэй Крывецкі, каманда Pirat Studio.
Пра што: чалавецтва загінула, толькі адзін чалавек застаўся на зямлі. Ён жыве адзін у доме, які пабудаваў сам, ён дарэмна шукае радыёсігнал, ён піша і адпраўляе лісты… Але аднойчы, разбіўшы ад злосці паштовую скрыню, сярод сваіх жа лістоў ён знаходзіць паштоўку з выявай начнога мегаполіса.
"Лічыльнік шчасця"
Драма пра адну трагедыю ў савецкім мінулым. 12 хвілін. Рэжысёр: Ігар Чышчанай, Каманда Fifteen.
Пра што: па сюжэце фільма, у невялікім савецкім горадзе канца 80-х гадоў жыве маладая і шчаслівая сям'я: бацька, маці і сын. Аднойчы бацька з'язджае ў нечаканую камандзіроўку, а вяртаецца з дзіўным прадметам, які сын прымае за лічыльнік шчасця. Хлопчык вырашае, што гэта татаў падарунак і разам са сваёй лепшай сяброўкай мае намер вымераць узровень шчасця ў сваім родным горадзе.
"Эстафета"
Трагікамедыя пра тыповых беларусаў у стылі роўд-муві. 13 хвілін. Рэжысёр: Міхаіл Пархоменка, каманда "Нястрымныя".
Пра што: дачнік, знайшоўшы ў сябе ў агародзе бомбу, вязе яе на заднім сядзенні старэнькіх "Жыгулёў" у міліцыю, бо зброю ў нашай краіне трэба здаваць. Але ён нават не ўяўляе, куды гэтая бомба яго прывядзе.
Сёння быў адкрыты продаж квіткоў на кінасеанс KINOSPRINT.
Сеансы пройдуць у "Арт-кінатэатры". Квіток на сеанс з трыма кароткаметражкамі made in Belarus агульнай працягласцю каля 45 хвілін каштуе 20 000 беларускіх рублёў. Паказы пройдуць у вялікай зале на 250 месцаў.
KINOSPRINT — прыклад таго, як беларусы могуць аб'ядноўвацца дзеля агульных мэт у сферы культуры. Упершыню над адным праектам працавалі розныя беларускія кінакампаніі і эксперты: Майстэрня сацыяльнага кіно як заснавальнік у супрацоўніцтве з таварыствам "Зялёная сетка" і пры падтрымцы РГА "Беларускі саюз кінематаграфістаў", Сяргей Якубоўскі і First Rental, Андрэй Курэйчык, Юрый Ігруша і BFG, кінашкола-студыя Андрэя Палупанава, Аляксандр Левенчук і NewWave production, Аляксандр Алейнікаў, Filmwagen. Усе яны бясплатна падавалі дарагое абсталяванне для здымак (камеры RED, рэйкі, аўтагрып, святло, аўтамабілі для здымак — грымваген, камерваген, студыю гуказапісу і гуказапісвальныя абсталяванне), а таксама свой час.