МІНСК, 22 сту — Sputnik. У барацьбе за лепшае месца на танцполе пад сценамі "Чыжоўка-Арэны" сабраліся фанаты гурта Imagine Dragons. Каб не адчуваць марозаў, прыхільнікі гурта спяваюць іх песні і абмяркоўваюць творчасць. Кажуць, так становіцця цяплей, прынамсі, на душы.
"Учора ў аэрапорце сабралося каля трыццаці чалавек прыхільнікаў, некаторыя здолелі ўзяць аўтографы і зрабіць сэлфі з гуртом", — распавядае для Sputnik Алена Курхінен. Яе сяброўка ўжо заняла чаргу пад "Арэнай" і зараз дасылае справаздачы — кажа, сабралося ўжо чалавек сорак.
Пакуль у фанацкай групоўцы абмяркоўваюць, як лепей сустрэць гурт, дзяўчат просяць "заплесці валасы для танцпола", а тыя, хто не паклапаціўся пра квіток, адчайна намагаюцца яго набыць, ёсць і тыя, хто ад паходу адмовіўся ў апошні момант.
"Здаў білет, бо яны не будуць спяваць Battle Cry — гэта мой пратэст. Я не заўзяты фанат гурта, ішоў пачуць ужывую адну песню, нават на фан зону білет быў. Але даведаўся, што яе не выконваюць, жаданне на фан-зону ісці прапала. Можа быць на сектар да вечара куплю білет, схаджу. Вось прыедуць 30 seconds to mars, распаваяду, як лавіў Джарэда лета аж з 2011 года!" — кажа Аляксей Вялесік.
Між тым, адданыя фанаты падрыхтавалі нават адмысловыя флэшмобы для кожнай песні.
"Мы будзем адбіваць рытм пад песню "It's time", сьвяціць рознымі экранамі тэлефонаў пад песню "Demons" і многія іншыя. Але самае галоўнае для "Драконаў"- гэта падтрымка фанатаў, калі яны спяваюць", — распавяла Аляксандра Каленік.
Пакуль прыхільнікі чакаюць Imagine Dragons, чакайце вялікую справаздачу Sputnik з канцэрта.