МІНСК, 25 сту — Sputnik. Паэтычны слэм да дня ўсіх закаханых пройдзе ў Мінску ў межах штогадовага міжнароднага фестываля імя Міхася Стральцова "Вершы на асфальце". Слэм — паэтычнае спаборніцтва, дзе аўтары чытаюць свае вершы і атрымліваюць адзнакі ад глядацкай залі за змест і артыстызм.
Віктар Лупасін, паэт, вядомы за свае эпатажныя выступы, патлумачыў Sputnik, як схіліць публіку на свой бок.
"Калі выстыпаеш у другой палове, гэта дужа проста: трэба паглядзець на агульную масу і дэманстратыўна зрабіць наадварот!
А калі ў першай, трэба неяк трапіць на адну хвалю з публікай", — распавёў Лупасін.

Першы слэм самога Лупасіна адбыўся яшчэ ў 2008 годзе. "Я выступаў адзін з апошніх. Выйшаў на сцэну ў смокінгу і з вялікім сшыткам, цэлую хвіліну няспешна шукаў там верш, прычытаў аднарадкоўе, пакланіўся і сышоў", — вучыць паэт, як падабацца аўдыторыі.
То бок, недастаткова скарыць публіку вытанчанасцю рытму і глыбінёй сэнсу, трэба яшчэ з максімальным эпатажам падаць сябе.
Як падаць заяўку.
Загрузіце на youtube відэа, дзе вы чытаеце адзін уласны верш, і дашліце спасылку на ролік на электронны адрас sbp@lit-bel.org, пазначыўшы тэмай ліста "Слэм", а таксама пакінуўшы ў ім свае кантакты: імя, прозвішча, нумар тэлефона. Якасць відэа не мае прынцыповага значэння, яно можа быць знятае і на смартфон.
Штогадовы Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова "Вершы на асфальце" запачаткаваны ў 2012 годзе ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і Беларускім ПЭН-цэнтрам. У розныя гады ўдзельнікамі фестывалю былі паэты з Беларусі, Германіі, Ісландыі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі. Сярод традыцыйных мерапрыемстваў фестывалю — паэтычны слэм, літаратурныя чытанні, дыскусіі, прэзентацыя кніг, кніжных серый, музычныя выступы.
Сёлета партнёрамі фестывалю выступаюць: Шведскі саюз пісьменнікаў, партал TUT.BY, кампанія Prestigio, Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Амбасада Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!", Польскі інстытут у Мінску, Інстытут імя Гётэ ў Мінску.