Вызначальная роля кавы: нататкі з рэзідэнцыі маладога літаратара

© Flickr / Guillaume SpeurtКніга на вятру
Кніга на вятру - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Рэзідэнцыя маладога пісьменніка ў Вільні распачала новы сезон. Sputnik друкуе вытрымкі з нататак нашага карэспандэнта, зробленых падчас двухтыднёвага жыцця ў рэзідэнцыі. У першай частцы – вызначальная роля кавы.

Алена Васільева, Sputnik

Сваё матэрыяльнае ўвасабленне рэзідэнцыя, што з беларускай зямлі ўяўляецца папросту маленькім ўтульным літаратурным парадызам, адмежаваным ад усіх тваіх прыжыццёвых абавязкаў беларуска-літоўскай мяжой, атрымлівае ў Доме правоў чалавека. За два гады ў пакоі нумар трынаццаць пабывалі семнаццаць літаратараў, на іх аднолькава бязлітасна глядзела са сцяны Дома правоў чалавека Лідзія Ярмошына, аднолькава літасліва — Алесь Бяляцкі і Аляксандр Мілінкевіч. Засяляючыся ў рэзідэнцыю, патэнцыйны літаратар цалкам можа прыняць Канстытуцыю Ужупіса і ёю ж абмежаваць свае правы і абавязкі:

  • "Чалавек ня мае права пасягацца на вечнасьць";
  • "Чалавек мае права разумець";
  • "Чалавек мае права нічога не разумець".

Не пасягаючы на вечнасць, карэспандэнт Sputnik, што на два тыдні стала маладым літаратарам, сутыкнулася з першай праблемай — дзеля стварэння твору мастацтва, відавочна, патрэбная была адпаведная атмасфера. Вопыт допісаў сучаснікаў у сацсетках відавочна сцвярджаў, што выбар бара/кафейні мае вызначальнае значэнне ў лёсе літаратара, таму да выбару месца, дзе правядзеш гадзіны за працэсам літаратурна-мастацкай творчасці, варта было падысці з асаблівай адказнасцю.

Прызнаем, верагоднасць, што за суседнім столікам гэтаксама ствараюць аповесць/раман/манціруюць кароткі метр вышэйшая нават за тое, што гэта студэнт ЕГУ рыхтуецца да іспыту. Бо калі раней была мода на мастацтва, дык цяпер — на "быць мастацтвам" і прымярыць на сябе яго знешнія атрыбуты. Пэўна, тым самым і была занятая карэспандэнт Sputnik, абраўшы для "стварэння твору мастацтва" не чарговы Coffee Inn, а ўтульненькую кафейню ў баку ад галоўных вуліцаў.

© Flickr / rekre89Кафе Starbucks
Кафе Starbucks  - Sputnik Беларусь
Кафе Starbucks

Кафейні зрабіліся месцам збору аўдыторыі пад агульнай назвай "творчая інтылігенцыя" ў XVIII стагоддзі ў Лондане. Самай моднай сярод літаратараў лічылася кафейня "У Уілла" — яе пастаянным наведвальнікам быў першы англійская паэт-лаўрэат і ўлюбёнец публікі Джон Драйдэн. Там было прынята разважаюць пра лёсы ангельскай славеснасці, а сучаснік з'едліва заўважыў, што другагатунковыя пісьменнікі штодня наведваліся ў кавярню і вельмі ганарыліся, калі ім "выпадаў гонар ўхапіць дробку з табакеркі Драйдэна".

Як і ў Лондане мінулых стагоддзяў, мы і зараз гатовыя плаціць грошы за тое, каб стаць часткай мастацтва — не любіць яго, не захапляцца, не калекцыянаваць, а "ухапіць дробку з табакеркі", але ж далека не факт, што за суседнім столікам — табакерка Драйдэна.

Адзін з пунктаў класічнага турыстычнага маршрута па Еўропе — кафейні/бары, у якіх сотню гадоў таму сядзеў вялікі мастак, а самі ўстановы ў рэкламныя аб'явы з ахвотай дапісваюць "тут любілі бываць Уайльд, Пікасса і Сезанн". Кошты ў такіх установах звычайна вышэйшыя за стандартныя (бо Уайльд, Пікасса і Сезанн!), калі заканадаўства дазваляе, можна нават замовіць абсэнт, каб дадаць крыху багемнасці вобразу. Але ж "Аматары абсэнту" заказвалі яго не таму, што тое было прыгожа, а таму, што за віно трэба было заплаціць цэлы франк, а шклянка абсэнту каштавала пятнаццаць сантымаў.

Раней мастакі ды пісьменнікі абжывалі самыя непрывабныя месцы, а цяпер цягнуцца да ўжо абжытых, стылізаваных пад непрывабнасць. І нават абіраючы завадское памяшканне для новага бару ці вольнай прасторы, мы імітуем псеўда-непрывабнасць.

Адным словам, хіба ці не лепш за ўсё для творчасці падыдзе просты Coffe Inn, які, калі ў ім абжыцца, мае больш агульнага з кафейнямі, якія любілі даўно памерлыя літаратары, чым тыя, што так актыўна пад іх мімікрыруюць.

Стужка навiн
0