МІНСК, 27 сту — Sputnik. Зміцер Вайцюшкевіч атрымаў стыпендыю міністэрства культуры Польшчы і пакіне Беларусь на паўгады дзеля вывучэння дзейнасці польскага эстраднага музычнага тэатра, паведамляе Tuzin.fm.
Музыка адзначае, што ў сувязі з удзелам у праграме, ён не згортвае музычную дзейнасць і нават гатовы прыязджаць у Беларусь з канцэртамі, калі іх урэшце дазволяць.
"Апошнім часам усё адно ў Польшчы было больш канцэртаў, чым на Радзіме, так што нічога прынцыпова не змяняецца. Заставацца на сталае месца жыхарства за мяжою я не збіраюся, хоць такіх магчымасьцяў было безьліч. Сэрца маё ў Вайцюшках і ў Беларусі, а цела яно ж паўсюль можа лётаць", — распавёў спявак Tuzin.fm.
"Я з'язджаю разам з сям'ёй, але ненадоўга — на паўгады. Займуся цікавай працай. Буду вывучаць польскі эстрадны музычны тэатр. Каб можна было потым у Беларусі зрабіць нешта падобнае на Брадвэй", — адзначыў Вайцюшкевіч.
Праграма Міністэрства культуры Польшчы адрасаваная маладым творцам (да 40-45 год) з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Яе мэта — паспрыяць міжкультурнаму дыялогу і наладжванню сувязі паміж Польшчай і суседнімі краінамі. Разлічана яна да 31 ліпеня 2016 году.
Паводле інфармацыі Tuzin.fm, забарона на выступы з Вайцюшкевіча мае быць знята ў самы бліжэйшы час, і выканаўца зноў атрымае магчымасьць легальна выступаць у Беларусі. Бліжэйшы жа сольны канцэрт музыкі адбудзецца 3 лютага ў Беластоку, дзе ён прэзэнтуе свой новы альбом "Камэта".