МІНСК, 27 сту — Sputink. Падчас вялікага музычнага форуму музыкі з розных краін будуць змагацца за ўвагу публікі і міжнародных экспертаў. Трэці год запар пры падтрымцы Experty.by у ім будуць браць удзел і беларусы, паведамілі Sputnik прадстаўнікі Experty.by.
Фестываль штогод збірае каля 20 тысяч гледачоў, а таксама некалькі соцен прадстаўнікоў лэйблаў, фестываляў і агентаў з Еўропы і іншых рэгіёнаў свету. Музыкі выступаюць на 30 клубных сцэнах, большасць з якіх месціцца ў гістарычнай частцы Таліна. За 3 дні на іх выступае больш за 200 артыстаў. На фестываль 2016 года прыйшло больш за 1 000 заявак, 80 з якіх з Беларусі. Спіс удзельнікаў будзе абвешчаны 3 лютага.
"Я не магу назваць імёны, але на гэты момант на фінальнай стадыі пацверджання ўжо ёсць нелькі беларускіх артыстаў розных стыляў. Яшчэ некалькі ў запасным спісе", — распавёў праграмны дырэктар фестывалю Іва Ківіорг у інтэрв'ю Experty.by.
"Мне здаецца, што ў Беларусі цікавая музычная сцэна, але ў вас напэўна ёсць яшчэ шмат схаваных талентаў — артыстаў, якія яшчэ маюць заявіць пра сябе. Галоўнае не баяцца адправіць заяўку", —лічыць Ківіорг.
Дырэктар фестывалю прыводзіць прыклад як эстонскі фолк-гурт Trad Attack! упершыню сабраўся за некалькі месяцаў да Tallinn Music Week і яны адправілі на фестываль свае самыя першыя дэма-запісы. Іх адабралі ў праграму і на фэсце адбыўся адзін з іх першых выступаў, пасля якога іх адразу заўважылі і ў Эстоніі, і за мяжой… За два гады існавання яны выдалі альбом у Нямеччыне і выступілі ў шматлікіх краінах Еўропы, у тым ліку ў Беларусі.
"Важна разумець, што адбор вядзецца не па краінах і прывязаных да іх квотах, а па тым, хто больш падыходзіць пад пэўныя канцэрты. Таму калі вас не абралі сёлета, гэта не значыць, што ваша музыка нікому не спадабалася ці вы патрапілі ў нейкі чорны спіс. Абавязкова абнаўляйце інфармацыю ў заяўцы і падавайце яе ў кожным наступным годзе, пакуль не дасягнеце сваёй мэты" — адзначыў Ківіорг.
Менавіта з Tallinn Music Week пачалася міжнародная зацікаўленасць у Еўропе і Вялікабрытаніі да беларускага рок-гурта Super Besse, які ў 2015 годзе выдаў дэбютны альбом "63610*", а зараз рэгулярна выступае ў краінах Балтыі, Францыі, Фінляндыі, Нямеччыне.
Фестываль Tallinn Music Week 2016 адбудзецца з 31 сакавіка да 2 красавіка. Адзіны квіток для гледачоў на ўсе дні і канцэрты фестывалю да 2 лютага каштуе 45 еўра.