МІНСК, 28 сту — Sputnik. Гурт J:морс прадставіў у Інтэрнэце кліп на песню "Солярис". Гэта ўжо чацвёртае відэа да альбома "Воздух", канцэртная прэзентацыя якога будзецца 13 лютага ў Prime Hall, распавялі Sputnik арганізатары канцэрту.
Экранізаваць адну з самых цікавых песень альбома "Воздух" узяўся рэжысёр Мацвей Сабураў разам ў моўшн-дызайнерам Дзянісам Волкавым. Жаночую ролю выканала актрыса і рэжысёр Кацярына Аверкава — натурныя здымкі ў лёгкай сукенцы адбываліся пры тэмпературы мінус 20 градусаў.
"Калі ў Таркоўскага паміж уяўным і рэальным светам згубіўся галоўны герой, то ў нас гераіня. Яе яскравыя каляровыя мроі ў стылістыцы Анры-Жоржа Клузо кантрастуюць з прыгожай, але безжыццёвай рэальнасцю. Спалучаючы некалькі візуальных падыходаў, мы паспрабавалі паказаць шлях да сябе заблуканага, нетутэйшага чалавека, якіх так шмат сярод жыхароў Зямлі", — тлумачыць Мацвей Сабураў.
Уладзімір Пугач напісаў песню разам з даўнім сябрам і суаўтарам Барысам Штэрнам. У розны час гэты творчы тандэм стварыў для J:морс песні "Календарем" (2001), "Принцесса" (2005), "Просто так" (2010).
"Бора цудоўны паэт, але гэтым разам ён даслаў не проста тэкст, а дэма-запіс куплета ўжо з музыкай. Ён мае талент рабіць вельмі лёгкія і атмасферныя рэчы. Калі яе слухаў, самі сабой пачалі ўсплываць сцэны з фільма «Солярис» Таркоўскага і дастаткова хутка з'явіўся прыпеў", — распавёў вакаліст J:морс Уладзімір Пугач.
Канцэртная прэзентацыя альбома "Воздух" адбудзецца 13 лютага ў Prime Hall. У першым адзяленні прагучаць новыя кампазіцыі, у другім — найбольш рамантычныя песні з мінулых альбомаў. Кошт квіткоў складае ад 350 (танцпол) да 600 тыс. рублёў.