МІНСК, 1 лют — Sputnik. Колькасць абанентаў сотавай сувязі ў Беларусі больш, чым колькасць грамадзян рэспублікі: на 100 беларусаў прыпадае 120,5 абанента мабільнай сеткі, сведчаць дадзеныя Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі.
Паводле інфармацыі ведамства, колькасць абанентаў мабільнай сувязі ў 2015 годзе склала больш за 11,4 мільёна. У той жа час па дадзеных 2010 года ў рэспубліцы на 100 грамадзян даводзілася 107,7 абанента.
"Такія высокія лічбы абумоўлены тым, што некаторыя беларусы з'яўляюцца абанентамі некалькіх мабільных аператараў", — адзначылі ў Мінсувязі.
Акрамя гэтага, па дадзеных на 1 студзеня ў Беларусі налічвалася каля трох мільёнаў карыстальнікаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт.
"Паводле ацэнак Міжнароднага саюза электрасувязі, у Беларусі ў 2014 годзе на 100 жыхароў прыходзілася 28,8 абанента стацыянарнага шырокапалоснага доступу, для параўнання — у 2010 годзе гэты паказчык складаў 17,4 на 100 жыхароў", — паведаміла Мінсувязі.
Ведамства таксама адзначыла, што ў бліжэйшую пяцігодку дзяржава плануе звярнуць увагу на развіццё інфармацыйных тэхналогій, укараніць іх у рэальны сектар эканомікі, сацыяльную сферу. Інфарматызацыя закране ў тым ліку ахову здароўя, адукацыю, сектар ЖКГ. Рынак паштовай сувязі таксама плануецца развіваць за кошт новых паштовых паслуг на аснове інфармацыйных тэхналогій.