Gods Tower зладзяць вялікі “сольнік” у Мінску 25-га сакавіка

© Photo : Gods Tower\Дзмітрый ПаўлаўБеларускі гурт Gods Tower
Беларускі гурт Gods Tower - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Канцэрт-прэзентацыя прымеркаваны да выхаду новага сінглу Liar.

МІНСК, 1 лют — Sputnik. Вялікі вясновы канцэрт гурта Gods Tower пройдзе 25 сакавіка ў клубе Re: Public. Шырокай публіцы будзе прадстаўлены сінгл Liar, выдадзены, традыцыйна, на вініле, распавялі Sputnik арганізатары мерапрыемства.

Апошні раз з вялікім сольным канцэртам гурт выступаў у Мінску ў 2012 годзе і пасля чатырох гадоў гатовы запаліць з забойным двухгадзінным сэтам.

"Кліп як і песня Liar будзе крыху манументальным. Немагчыма зняць інакш, бо сёння гісторыя Джардана Бруна паўтараецца ў кожнай геапалітычнай падваротні. Мы жывем у час штодзённага цемрашальства, калі паліць людзей каб утрымаць уладу так жа звыкла, як дадаць вяршкоў ў каву. Сярэднявечча ўжо тут — песні на гістарычныя тэмы становяцца злабадзённымі, а лірыка сама па сабе становіцца сацыяльнай", — каментуе вакаліст калектыву Лэслі Найф.

Жывая прэзентацыя песні Liar адбылася на зборным канцэрце гомельскіх метал-монстраў 31 кастрычніка 2015-га. З тых часоў песня зведала касметычныя змены і была запісана і зведзена на пачатку 2016 года ў Гомелі. Бі-сайд "сямідзюймовікі" захоўваюцца гуртом у строгім сакрэце да дня канцэрту. На сакавік запланаваны выхад афіцыйнага кліпа на загалоўную песню сінгла.

Мінскі канцэрт адкрые TerraKod — яркі прадстаўнік новай школы беларускага фолк-металу. Гурт выпусціў у 2015 годзе свой дэбютны альбом Paspality, палескі запал альбома складаецца з цяжкай гітарнай музыкі з дудой, гендэрна роўнай вакальнай пары і лірыкі на чатырох мовах (нават на латышскай).

Напярэдадні, 24 сакавіка, адбудзецца вялікі бясплатны выступ гурта ў клубе TNT.

Вялікі сольны канцэрт гурта Gods Tower адбудзецца 25 сакавіка ў мінскім клубе Re:Public, кошт квіткоў складае ад 300 да 400 тыс рублёў, пачатак а 19-й гадзіне. 

Стужка навiн
0