МІНСК, 4 лют — Sputnik. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на літаратурна-музычны вечар "У кожны міг ты прада мною…", прымеркаваны да 90-годдзя малодшага сына Песняра Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча і 125-годдзя з дня нараджэння жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч.
Лёс падараваў Песняру сустрэчу, знаёмства, каханне з жанчынай, якая на ўсё жыццё стала яго зоркай, натхненнем, шчасцем, маці трох яго сыноў. Больш за 30 гадоў шлюбу Марыя Дзмітрыеўна была не толькі музай Якуба Коласа, але і першым чытачом, слухачом і крытыкам твораў свайго мужа, найбліжэйшым сябрам і дарадцам, самым блізкім і родным чалавекам. "Мілы друг мой", "мая зорка", "мая добрая дружачка", "мая святыня", "яснюсенькая зорка" — так называў Якуб Колас сваю жонку. У сям"і панавалі любоў, узаемапаразуменне, гармонія: за час шлюбу сужэнцы ніводнага разу сур"ёзна не пасварыліся.
На такім прыкладзе высокіх адносін гадаваўся і малодшы сын Песняра — Міхась Міцкевіч. Па жыцці ён абраў шлях навукоўца, спецыяліста ў галіне апрацоўкі металаў, дасягнуўшы на гэтай ніве значных поспехаў — доктар тэхнічных навук, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, аўтар звыш 20 вынаходніцтваў. Разам з тым Міхась Канстанцінавіч вядомы і як аўтар шматлікіх вершаў, эсэ, як таленавіты чытальнік літаратурных твораў, а таксама як нястомны збіральнік і прапагандыст творчасці народнага паэта — свайго бацькі. Па сённяшні дзень сын пісьменніка вядзе дастаткова актыўную дзейнасць, выступае на літаратурных вечарах і сустрэчах з успамінамі пра Якуба Коласа, пра тагачаснае культурнае і навуковае жыццё.
Да юбілейных дат жонкі і сына Песняра падрыхтавана выстаўка з фондаў музея і прыватнага архіва сям"і "Пад бацькоўскім дахам", дзе прадстаўлены рэдкія фотаздымкі, рукапісы лістоў, дакументы, некаторыя асабістыя рэчы маці і сына, выданні М. К. Міцкевіча і інш.
З нагоды высокага юбілею Міхася Канстанцінавіча павіншаваць сына Якуба Коласа збяруцца прыхільнікі творчасці народнага паэта, а таксама сваякі, сябры, паплечнікі самога юбіляра
Вечар пройдзе сёння, 4 лютага, у 16:30 па адрасе вуліца Акадэмічная, 5.