МІНСК, 5 лют — Sputnik. Галерея "Дом Карцін", прыняўшы ў сябе з восені Далі, Шагала і Матыса, атрымаўшы за тое самыя розныя водгукі, ад крытычных "зноў графіку прывезлі" да захопленых "затое — Далі!", адкрыла выставу беларускага народнага мастака Анатоля Кузняцова. Выстава з нетыпічнай для Беларусі назвай "Даліна фараонаў" — перамога авангарду ў Беларускім мастацтве.
"Як толькі Кузняцоў з'явіўся ў мастацкім свеце, яго адразу заўважыў. Мяне ўразіла, наколькі можна быць разняволеным — а мастак не можа быць падняволеным, тое тэрыторыя свабоды ў любым грамадстве. Цяпер ён класік, для новых пакаленняў нават рэтраград", — прадстаўляе Кузняцова старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.
Сёлета Кузняцоў атрымаў спецыяльную прэмію прэзідэнта, і Сітніца удакладніў, што прызнанне такога мастака на вышэйшым узроўні — доказ таго, што мастацтва ў краіне выходзіць на якасна новы ўзровень. То бок, прэмія, якая раней давалася "за заслугі перад краінай" цяпер даецца менавіта за мастацтва.
Егіпецкі цыкл мастака створаны пад уражаннем ад рэальнага наведвання аўтарам старажытнаегіпецкай Даліны цароў. У палотнах аўтара не ўбачыць знаёмых кожнаму архітэктурных абрысаў, таемных надпісаў і іншых турыстычных асацыяцый. У яго працах бясцэнныя рэліквіі чалавечай гісторыі трансфармуюцца ў неверагодна ўрачысты гімн вечнасці, нібы аўтару прыадкрыўся вышэйшы сэнс зямнога быцця.
Выстаўка "Даліна фараонаў" адкрыта для прагляду з 5 лютага па 14 сакавіка 2016.