Алена Васільева, Sputnik.
Анастасія Чарапанава па ўласным азначэнні займаецца тым, што "малюе голых баб" — такім чынам яна вызначыла сюжэтны складнік свайго мастацтва. Цяпер Анастасія распачала збор сродкаў на сваёй старонцы ў сацсетке з тым, каб назбіраць на квіток да Нью-Ёрка, каб там развівацца як мастак. За невялікі час ёй ужо перавялі грошы некалькі прыхільнікаў сучаснага мастацтва — кожнаму ў падзяку Чарапанава плануе даслаць адну са сваіх працаў. Адзін з мецэнатаў, праўда, адмовіўся ад карціны і заявіў, што дачакаецца, пакуль аўтар завяршыць сваё станаўленне.
"Мне прыемна, што людзі падтрымліваюць мае планы. Зразумела, кожны з сяброў у сеціве не скінецца, у гэтым я ўпэўненая амаль цалкам, але тое маральная падтрымка, а не матэрыяльная, грошы я і сама знайду", — распавядае мастачка карэспандэнту Sputnik. Побач на стале — яе працы, якія не ўся супольнасць сеціва ўспрымае з роўным інтузіязмам.
"Я нават вырашыла зрабіць серыю калажэй "гопнікі і мастацтва". На жаль, у мастацтве мала хто разбіраецца, і людзям больш зразумела, калі на сценах дываны ці пейзажы. На мастацтва часам глядзяць і не да канца разумеюць, чаму за яго варта аддаваць вялікія грошы. Мае карціны каштуюць не дорага — ад дзесяці долараў. Увогуле, у нас сантэхніку прасцей знайсці працу, чым мастаку", — кажа Анастасія.
Мастачка распавядае, што, калі займалася партрэтамі, тут жа атрымлівала каментары пра тое, што аўтар мае праблемы з псіхiкай — класічны спосаб трактоўкі сучаснага мастацтва праз псіхічны стан мастака.
"Я рабіла партрэты і зразумела, што хачу іншага. Не тое, каб надакучыла, проста хочацца шукаць больш напрамкаў, хочацца большага. Партрэты з большага аднолькавыя — рысы твару ды ўсё, а тут — розныя колеры, позы, формы. Ну а як іх іначай назавеш? Аголеная натура? Людзі павінныя разумець", — тлумачыць накірунак Анастасія.
Сама яна ў пошуках працы прайшла ад майстэрні пры манастыры да дзіцячага садку. Кінуўшы вучобу яшчэ на першым курсе, з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй Чарапанава распачала пошук працы.
"Займалася дызайнам, не ведала, адкуль браць грошы, хадзіла па сумоўям — але людзі бачаць тых, хто не можа працаваць. Мне казалі — ты цікавая асоба, але ці здолееш трываць такі графік? Чатыры дні працавала пры манастыры ў майстэрні, пасля — пры дзіцячым садку. Два дні працавала афіцыянткай. Пасля хацела патрапіць у школу на заробак у шэсцьсот тысячаў — але таксама раздумала, сядзела пад пад'ездам і плакала ад таго, як цяжка тут жыць. Цяпер займаюся карцінамі на замову. Некаторыя людзі не могуць жыць без стабільнасці, а я магу і патрываць", — кажа нам Анастасія.
Сярод аматараў пейзажаў і класічных партрэтаў усё ж знаходзяцца і прыхільнікі творчасці Анастасіі, якія гатовыя набываць карціны, напісаныя ў нязвыклай і эпатажнай стылістыцы. Прызнае, што, можа, часам ёй і не хапае пакуль "нейкага майстэрства, жадання спадабацца заказчыку", але кажа, што лепш працаваць, калі чалавеку падабаецца твой стыль і ён прымае накірунак, а не прыстасоўвацца пад яго жаданні.
Не аформіла ў паспарце — гэта бунт
У Акадэміі мастацтваў Анастасія правучылася нядоўга — меней за год, рэзюмуе — навучаць жывапісу, дызайну, правільна маляваць, але сучаснага мастацтва там шукаць не варта.
"Я вучылася графіке, там моцна абмежаваны фармат, а я падрыхтавала вялікія карціны, змяшала акварэль, фальгу, маркеры — і не аформіла ў паспарце. Напачатку я доўга клеіла рамкі, а пасля падумала — навошта? Мне сказалі — табе адлічылі, Наста. Выклікалі на кафедру, сказалі, маўляў, мае працы — гэта агідна. Адным словам, мяне не зразумелі", — распавяла Чарапанава, пры тым, яна прызнае, што з ёй працавалі добрыя выкладчыкі, але ж "аддаваць гады на тое, каб шмат што ў сабе забіць" ёй не хацелася.
Пры тым, сама мастачка кажа, што яе працы, новыя для Беларусі, могуць аказацца састарэлымі для Еўропы і Штатаў, дзе тэмпы развіцця мастакоў іншыя.
"Нью-Ёрк — іншы менталітэт. Там сфарміраваўся рынак мастацтва. Тут няма арт-рынка, ці змагу адна тое змяніць? Пакласці жыццё сюды? Лепей працаваць там, дзе людзі разумеюць тваё мастацтва. Не разумею, чаму людзі непакояцца, калі іх не прымаюць на радзіме — проста публіка не гатовая. І я не лічу, што мастак вінны быць галодны. Гэта добра — калі працы прадаюцца", — па-філасофску ставіцца да абыякавасці аўдыторыі суразмоўца карэспандэнта Sputnik.
Чарапанава не выстаўлялася ў Беларусі, затое яе ўжо ведаюць у Расіі, прайшла выстава ў Санкт-Пецярбурзе. Сёлета яна плануе паспрабаваць паступіць у Вену.