МІНСК, 11 лют — Sputnik. Гурт :B:N: выпусціў сінгл "Хвалі" і аб'вясціў пра пачатак працы над новым альбомам, распавялі Sputnik удзельнікі калектыву.
"Хвалі" — гэта хваля, якая нясе вясновы настрой, бо вясна не за гарамі! Усё ў гэтым свеце ідзе хвалямі, ніякага штылю, штыль — гэта не наш стыль! Гэтую песню мы дорым сваім каханым, родным, сябрам, і, натуральна, дорым хвалю пазітыву, святла і рок-н-ролу нашым прыхільнікам!", — распавялі музыкі.
Акрамя традыцыйнага складу гурта :B:N: (Алесь Лютыч — вакал, гітара; Юрый Бардоўскі — гітара; Алесь Сіліцкі — бас; Зміцер Харытановіч — ударныя) у запісе рэлізу прынялі ўдзел запрошаныя музыкі — клавішнік Данііл Лях і прадзюсар Tony Fadd, намінаваны сёлета на прэстыжную амерыканскую прэмію "Grammy Awards". Тэкст да кампазіцыі гурта напісаў Яўген Бузоўскі (гітарыст гурта IQ48).
"Любіце адзін аднаго, беражыце адзін аднаго, і часцей усміхайцеся! Нашы "Хвалі" — для Вас!", — віншуюць музыкі прыхільнікаў з Днём закаханых.
Беларускі рок-гурт: B: N: быў заснаваны ў 1999 годзе. За час свайго існавання калектыў выпусціў 7 студыйных альбомаў, зняў шэраг відэакліпаў, выдаў вялікую колькасць сінглаў. Сёння гурт вялікімі тэмпамі набірае папулярнасць сярод маладых прыхільнікаў беларускай рок-музыкі.