МІНСК, 15 лют — Sputnik, прэс-служба. Новым удзельнікам паэтычнага праекта Sputnik.Чытанні стала прызёр Летніх Алімпійскіх Гульняў-2012 і чэмпіянатаў свету і Еўропы, майстар спорту міжнароднага класа па мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына, для ўдзелу ў Sputnik.Чытанні вядомая спартсменка абрала лірычны верш сучаснай беларускай паэткі Вікторыі Галоўчык "Сэрца".
"Паэзія сёння запатрабавана як ніколі раней — яна аб'ядноўвае людзей, вучыць быць больш памяркоўнымі адзін да аднаго", — сказала Чаркашына.
"Дзякуючы праекту Sputnik.Чытанні, мы можам паказаць кожнаму чалавеку на Зямлі нашую Беларусь — прыгожую краіну, дзе жывуць шчырыя людзі, якія размаўляюць на дзіўнай па меладычнасці і мілагучнасці мове", — дадала спартсменка.
Пачатак праекту ў Рэспубліцы Беларусь даў кіраўнік Sputnik Беларусь, вядомы журналіст Андрэй Качура, прачытаўшы твор класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча "Зімой". Сярод удзельнікаў паэтычнай эстафеты — мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Вячаслаў Шарапаў, які абраў для сябе верш Янкі Купалы "Лясное возера".
Паэтычная эстафета ў рамках праекта Sputnik.Чытанні ставіць сваёй мэтай зблізіць людзей у шматпалярным, шматколерным свеце праз чытанні выбітных паэтычных твораў, якія закранаюць важныя для ўсіх базавыя каштоўнасці — каханге, жыццё, прыгажосць навакольнага свету. Праект быў распачаты Sputnik Кыргызстан у сакавіку 2015 года. Ініцыятыву калег з Кыргызстана ў жніўні таго ж года падтрымала рэдакцыя Sputnik Малдова. У лістападзе да праекту Sputnik.Чытанні падключыліся рэдакцыі Sputnik Абхазія і Sputnik Паўднёвая Асеція.
Sputnik (sputniknews.com) — навінавае агенцтва і радыё з мультымедыйнымі інфармацыйнымі хабамі ў дзесятках краін. Sputnik ўключае ў сябе сайты больш чым на 30 мовах, аналагавае і лічбавае радыёвяшчанне, мабільныя прыкладанні і старонкі ў сацыяльных сетках. Навінавыя стужкі Sputnik кругласутачна выходзяць на англійскай, арабскай, іспанскай і кітайскай мовах.