Паглядзелі “Дэдпул”: чаму фільмы пра супергерояў можна не здымаць

© Photo : Marvel/Fox (2016)Кадр из фильма "Дэдпул"
Кадр из фильма Дэдпул - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Калумніст Sputnik паглядзеў адзін з самых чаканых фільмаў гэтага года.

Яўген Казарцаў, Sputnik. Фільмы пра супергерояў — залатая жыла Галівуду. Калі дзесяцігоддзі таму для заробку здымалі вестэрны і да таго падобнае, цяпер максімальную касу здымаюць менавіта стужкі пра людзей з незвычайнымі здольнасцямі.

Таму некалькі прычын: яшчэ два дзесяцігоддзі таму было складана экранізаваць папулярныя коміксы хоць бы з тэхнічнага пункту гледжання. Зараз жа, калі большую частку фільма можна намаляваць на кампутары і гэтага нават ніхто не заўважыць, задача стала выканальнай. Ёсць і іншая прычына масавай любові да супергерояў: кожнаму хочацца верыць у сваю выключнасць і нейкае прызначэнне. Гэтыя фільмы — новыя казкі, толькі замест прынцэс і драконаў нам прапануюць Бэтмэнаў, Спайдермэнаў, Жанчын-котак і далей па спісе.

Са спісу бравых мутантаў выпадае Дэдпул. З аднаго боку, у яго ёсць здольнасці і ён змагаецца са злыднем — усё, як мы любім. Адначасова з гэтым Дэдпул пазбаўлены пафасу выратавальніка свету, якім грашаць ўсе астатнія героі. Ён дзёрзкі, нахабны, любіць дзяўчынак і прычыняць людзям боль. А у аснове фільма — зусім не неабходнасць выкараніць сусьветнае зло, а банальнае імкненне адпомсціць.

Сюжэт "Дэдпула" настолькі просты, што пераказаць яго можна ў адзін сказ. Але і самі стваральнікі гэтага не хаваюць: у арыгінальных "адступленнях" галоўны герой прызнаецца, што фільм зроблены спецыяльна для спатканняў і ніякага глыбокага сэнсу няма.

Пазбавіцца ад лішняй патэтыкі тут дапамагаюць не толькі непрыстойныя жарты галоўнага героя і простая матывацыя, але і адкрыта жорсткія сцэны — у адрозненне ад большасці падобных фільмаў, калі камусьці страляюць у галаву, мы бачым, што вылятаюць мазгі, косткі і кроў, а не зацямненне на экране. Таму асабліва ўражлівым асобам глядзець "Дэдпул" строга не рэкамендуецца.

Ставіць "Дэдпул" ў адзін шэраг з іншымі фільмамі серыі Marvel было б памылкай. Гэтая стужка — "траянскі конь": знятая на грошы студыі, яна ж і высмейвае яе іншыя карціны. І трапляе ў самую кропку. Гледачы ўжо стаміліся ад бясконцай змены дарагіх спецэфектаў і гераічных людзей у недарэчных касцюмах. Магчыма, хутка прадзюсары канчаткова зразумеюць неабходнасць мяняць фармат прадукцыі і перастануць на канвееры штампаваць ідэнтычныя фільмы пра дабро і зло.

Стужка навiн
0