Арцём Кір'янаў, Sputnik.
Усе 80 год, што Сцепаніда Сцепанюк пражыла ў вёсцы Дарапеевічы Маларыцкага раёна, яна тчэ на кроснах ва ўласным доме рушнікі, вопратку і дываны. Але да пэўнага часу майстрыца змагалася з загадкай — як саткаць спадніцу з маларыцкага строю. Карэспандэнт Sputnik сустрэўся з Народным майстрам Беларусі і даведаўся, якім цудам удалося аднавіць старажытную тэхналогію.
Перад тым як сесці за кросны, Сцепаніда Аляксееўна пераапранаецца ў маларыцкі строй. На галаву павязвае плат — галаўны ўбор замужняй жанчыны даўжынёй тры метры, які ў іншых рэгіёнах называюць наміткай.
"Такый нэ всі малы. На іх ліпшы лён бралы. І колы хто хотів убратыся, а не мав, ішов до сусідкі і казав: позыч мні", — майстрыца таксама апранае святочную сарочку і спадніцу.
Затым яна разбуваецца. Гаворыць, у абутку не атрымаецца наступаць на панажы — спецыяльныя "педалі" ткацкага станка. Каб паказаць майстэрства, яна працягвае ўжо пачаты ручнік і ўзгадвае дзяцінства ў Дарапеевічах пад Маларытай.
"Колысь лён сіялы, каждый собі, булы своі поля. Потом став колхоз, і давалы по трыццаць соток. Алэ всё ровно лён сіялы, потому што трэба було одіватысь. Ткалы полотно на одіжу, рушныкы, скацерці", — майстрыца дадае, што часцей за ўсё сатканым карысталіся самі, але часам вазілі і на продаж.
"Алэ сподныцу нэ вміла"
Сцепаніда Аляксееўна расказвае, што ткацтвам займаецца ўсё жыцце з самага дзяцінства. Сёння яна можа выткаць цэлы строй і вучыць гэтаму дзяцей у Маларыце і роднай вёсцы. Ткуць нават яе дачка і ўнук. Але да пэўнага часу была адна дэталь народнага касцюма, якой майстрыца не давала рады.
"Колысь прыйхав Латушка (былы міністр культуры — Sputnik), і мы подарылы йому рушныка. Тоді мы рушныкы вжэ ткалы. І він мэнэ пытае: а скікі вам платять? А я кажу: ай, скікі платять, стікі і добрэ. Я на грошы нэ заздрона. А він тоді кажэ, давайтэ мы про вас фільм знымэм", — узгадвае 2010 год майстрыца.
У Цэнтры рамёстваў пачалі ткаць маларыцкі строй спецыяльна для кіно. Аднак тэхналогію вырабу спадніцы не ведала нават Сцепаніда Аляксееўна. На яе аднаўленне супрацоўнікі Цэнтру кінулі ўсе сілы. Але ані ў Брэсце, ані ў Мінску адшукаць патрэбную інфармацыю не атрымалася.
Тады майстрыца прайшла па старых людзях, нават паехала ва ўкраінскае Забалацце. Але ўсюды ёй адказвалі: не памятаем, бо прайшло больш за сто год, як такія спадніцы ткалі. Параілі, праўда, адну жанчыну з Гарадца пад Кобрынам, якая нібыта ведае тэхналогію.
"Пойхалы в Городэць, знайшлы тую людыну, прывэзлы до кросён. Вона кажэ: я вмію. Прыйшлось накыдаты (заправіць ніткі ў кросны — Sputnik), а нэ получаэться. І я кажу: мы нэ затчэмо, бо шчось нэ так. І вона кажэ: ну да, мы ж давно бачылы", — жанчыну прыйшлося завезсці дадому.
"Получілось, дэвчата, будуть юбкы!"
У той дзень Сцепаніда Аляксееўна вярнулася ў Дарапеевічы і яшчэ пяць разоў накідвала ніткі так, як паказала жанчына з Гарадца. Але палатно ўсё адно не атрымлівалася. Майстрыца прызнаецца, што была ў адчаі: калі не ўдасца ёй, ужо ніхто не зможа саткаць маларыцкую спадніцу.
Ткачыха памятае, як пасля чарговай няўдалай спробы перахрысцілася і лягла спаць. Яна ўзгадвае, што гэта было летам і яна доўга не магла заснуць. Але праз пэўны час жанчына задрамала і прысніла дзіўны сон, нібыта яна ідзе па лузе.
"Дывлюся, кросна стоять, а за кроснамі жэншчына сыдыць. А я іду так до йй, просто на кросна, і думаю: от, зарэ вона мні і скажэ, як зробыты. Я подхожу. Кросна е, жэншчыны нэма. І кросна заправлены. А я кажу: хто ж мні тэпэр раскажэ. І хто ж мні скажэ?" — у гэта момант ткачыха прачнулася.
Хоць сустрэча з загадкавай жанчынай не адбылася, Сцепаніда Аляксееўна паспела заўважыць: ніткі ў кроснах былі запраўлены больш рэдка. Тады майстрыца, нават не паеўшы, кінулся да станка. "І в мэнэ получілось! Вжэ я зразу звоню: получілось, дэвчата, будуть юбкы! Так, мусыць, дано Богом, шчоб воно нэ пропало", — дадае ткачыха.
Ручнікі на смерць
У майстэрні Сцепаніды Сцепанюк і сёння вісіць тая самая першая спадніца, якую яна саткала паводле адноўленай тэхналогіі. Фільм пра маларыцкі строй з поспехам знялі, а майстрыца працягвае ткаць любімыя рэчы — ручнікі, дываны, вопратку.
Ткачыха расказвае, што раней гэта былі рэчы першай неабходнасці. Ручнікамі выціраліся, вешалі на сцены і абразы, абвязвалі крыжы на могілках. З імі ж былі звязаны ўсе важныя абрады ў жыцці.
"Як дочку маеш, то трэба було і трыцаць рушныків, а то і п'ятдэсят. Як прыйдуць од молодого бояры (сябры маладога — Sputnik) за молодухою, то трэба каждому прычэпіты рушныка. І така красыва свадьба була!" — захапляецца Сцепаніда Аляксееўна.
Паводле слоў майстрыцы, "у сваты" абавязкова неслі хлеб, завернуты ў ручнік. А на хрэсьбіны ў ручнік ці абрус заварочвалі грошы, падораныя дзіцяці. Цікава, што ручнікам знайшлі прымяненне нават у мясцовым пахавальным абрадзе. Імі пакрывалі труну нябожчыка.
"А колы помырав молодый чі дытя, то його труну ніслы на ручныках. Дывчінку — хлопцы. Хлопца — дывчіны. В яму спускалы таксамо на ручныках. Я і собі такый вжэ выткала. Нэ так страшно на рушныках будэ", — жартуе Сцепаніда Аляксееўна.