МІНСК, 25 лют — Sputnik. Законапраект аб святкаванні Дня Перамогі ў Ізраілі па іўдзейскаму рэлігійнаму календару замест 9 мая ўскалыхнуў палітычныя і грамадскія колы у краіне.
З ідэяй аб пераносе свята перамогі над фашысцкай Германіяй з 9 мая на 26 іяра першапачаткова выступіў расійскі мецэнат і кіраўнік Міжнароднага фонду горскіх габрэяў Герман Захар'еў. Ініцыятыва атрымала ўхваленне і павінна была паступіць у парламент, аднак гэтаму ўсупрацівіліся рускамоўныя дэпутаты, па меркаванні якіх 9 мая не мае альтэрнатывы.
"Так было ўстаноўлена урадавым Законам аб ветэранах і блакадніках яшчэ ў 2 000 годзе! Закон усталяваў 9 мая днём афіцыйнага святкавання Дня Перамогі. У гэты дзень праходзяць цырымоніі ў (мемарыяльным комплексе — Sputnik) Яд ва-Шэм, спецыяльнае пасяджэнне ў Кнэсеце, парады па ўсіх гарадах краіны", — заявіла дэпутат ад партыі "Наш дом Ізраіль" Софа Ландвер.
Па словах старшыні парламенцкай фракцыі НДІ Роберта Ілатава, Дзень Перамогі адзначаюць 9 мая ветэраны з розных краін, якія змагаліся супраць фашызму.
"Перанесці яго на іншую дату — значыць пазбавіць першапачатковага сэнсу", — дадаў Ілатаў.
Супраць ініцыятывы Захар'ева выступілі таксама дэпутаты партый "Ёш Ацід" і "Кулану", а таксама лідэр партыі левых "Сіянісцкі лагер" Іцхак Герцаг.
У сваю чаргу, аўтар ідэі выступіў у адказ на крытыку, адзначыўшы, што яго ініцыятыва накіравана на папулярызацыю свята ў ізраільскім грамадстве і ўвекавечанне традыцыі габрэйскага народа. Ён адзначыў, што ў апошні час Дзень Перамогі святкавалі пераважна рэпатрыянты з краін былога СССР, у выніку чаго за ім замацавалася рэпутацыя "рускага" свята.
"Унясенне 26 іяра ў габрэйскі рэлігійны каляндар дорыць гэтаму святу вечнае жыццё — бо, як мы ведаем, абсалютна ўсё забываецца, толькі габрэі захоўваюць і шануюць свае рэлігійныя святы. Яскравы прыклад — Песах, Пурым і Ханука, якія габрэі святкуюць тысячы гадоў", — падкрэсліў Захар'еў.
Па словах аўтараў законапраекта, у дакумент можа быць унесена папраўка, згодна з якой дзень перамогі можна будзе адзначаць і па міжнароднаму, і па іўдзейскаму календарам.