МІНСК, 1 сак — Sputnik. 1 сакавіка 2016 года распачынаецца прыём прац на конкурс "Экслібрыс", які сёлета мае імя Антона Луцкевіча і прысвечаны крытыцы і літаратуразнаўству, паведамілі ў ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".
Тэма конкурсу — "Сучасная беларуская літаратура XXI стагоддзя: імёны, тэндэнцыі, перспектывы (2000 — па сёння)"
Конкурс праводзіцца ў дзвюх намінацыях:
- літаратурная крытыка (артыкулы, рэцэнзіі, водгукі, эсэ, нарысы);
- літаратуразнаўства (навуковыя артыкулы, агляды).
Да ўдзелу запрашаюцца даследчыкі літаратуры, крытыкі і літаратурныя журналісты, якія пішуць на беларускай мове, ва ўзросце да 35 гадоў.

Ацэньваць работу будуць Ала Брадзіхіна, Леанід Галубовіч, Людміла Рублеўская, Ціхан Чарнякевіч, Ірына Шаўлякова.
Тэксты на конкурс можна дасылаць файламі ў фармаце.doc да 1 верасня 2016 года на адрас sbp@lit-bel.org, пазначыўшы тэмай ліста "Экслібрыс". У лісце мусіць быць наступная інфармацыя: імя, прозвішча, дата нараджэння ўдзельніка, кантактны нумар тэлефона і e-mail.
За ходам конкурсу можна сачыць на сайце http://lit-bel.org/.
Антон Луцкевіч — беларускі палітык, грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст і літаратуразнаўца. Сваёй дзейнасцю зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры і гісторыі — стварыў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі, даследаваў выданні Францыска Скарыны, гісторыю Вялікага княства Літоўскага, апублікаваў шэраг прац па гісторыі беларускай культуры, літаратуры і мастацтва, удзельнічаў у перакладзе на беларускую мову Новага запавету і Псалтыра.