МІНСК, 1 сак — Sputnik. Больш за 50 лялек з 47 краін будуць прадстаўлены на тэматычнай выставе "Жанчыны свету ў нацыянальным убранні" ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, паведамілі ў прэс-службе БДУ.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены экспанаты, сабраныя з асабістых калекцый супрацоўніц БДУ, а таксама прадастаўленыя Цэнтрам японскай культуры Мінска. Для наведвальнікаў прадугледжана адукацыйная праграма — ім распавядуць пра ролю лялькі ў гісторыі чалавецтва, асаблівасцях нацыянальнага касцюма.
"Усе ахвочыя будуць мець магчымасць прайсці майстар-клас па вырабе абрадавых лялек. У прыватнасці, будзе прадэманстравана абрэзкавая тэхніка стварэння лялькі-абярэга. Лічыцца, што тканевыя фігуркі надзелены сілай і прыцягваюць дастатак, любоў і поспех", — распавялі арганізатары мерапрыемства.
Для ўдзелу ў "марафоне" па вырабе лялек наведвальнікам неабходна прынесці шматкі чырвонай або стракатай тканіны і ваўняныя яркія ніткі.
Выстава распачне сваю працу 4 сакавіка. У цырымоніі адкрыцця возьме ўдзел кіраўніцтва ВНУ, факультэтаў, супрацоўнікі і студэнты, старшыня Саюза жанчын БДУ Ірына Казакова, кіраўнік інфармацыйнага Цэнтра японскай культуры Мінска Тацумі Масака.
У дзень адкрыцця ўсіх гасцей мерапрыемства чакае сустрэча з "жывымі лялькамі", якія будуць увасабляць Беларусь, Кітай і Туркмэністан. Іх ролі выканаюць студэнткі-замежніцы БДУ.
Выстава будзе працаваць з 4 па 11 сакавіка ўключна, акрамя 6-8 сакавіка з 10.00 да 16.00. Наведванне выставы будзе ажыццяўляцца па папярэднім запісе па тэлефоне: 8(017) 210 48 36 (Маліноўская Эма Леанідаўна). Уваход на экспазіцыю вольны.