МІНСК, 2 сак — Sputnik. Прыбалтыка застаецца прыцягальнай для беларускіх турыстаў, заявіла ў інтэрв'ю Sputnik рэдактар газеты "Турызм і адпачынак" Лілія Кобзік.
"Нам там вельмі камфортна псіхалагічна. Гэта блізка, няма акліматызацыі, плюс гасцінны сэрвіс. І нас там чакаюць, нас там хочуць, гатовыя прапаноўваць бонусы і зніжкі", — сказала Кобзік.
Прыбалтыйскі кірунак, на думку эксперта, становіцца ўдвая больш прыцягальным на фоне праблем з бяспекай, якія паўсталі на традыцыйна папулярных у беларусаў курортах Егіпта і Турцыі.
"Прыбалтыка на гэтым фоне выглядае вельмі добра — бяспечна", — падкрэсліла эксперт.
Акрамя таго, трапіць у літоўскую Палангу сёлета стане прасцей, а адпачынак у латвійскай Юрмале — стане больш даступным.
Нацыянальны перавозчык "Белавія" анансаваў штотыднёвыя і адносна недарагія рэйсы ў Палангу.
"Добра, што ёсць яшчэ адна прапанова, асабліва — што яна з'явілася ў крызіс. Гэта дае людзям магчымасць выбіраць", — удакладніла рэдактар турыстычнага выдання.
Юрмала, на думку эксперта, будзе прыцягваць беларусаў у гэтым сезоне коштам. У сувязі з адтокам расіян адпачынак на гэтым папулярным латвійскім курорце патаннеў. А вось у Эстонію беларусы не едуць. І не таму, што далёка, хутчэй справа ў тым, што краіна з самага пачатку арыентавана на заходняга турыста.
"Адпаведна, кошты трошкі іншыя і іншы стыль сэрвісу, не так распаўсюджана рускамоўнае абслугоўванне", — патлумачыла Кобзік.
Аднак спрагназаваць патокі ў прыцягальную Прыбалтыку эксперт не рызыкнула. З аднаго боку, у беларусаў няма грошай, а з другога "нейкія магчымасці для адпачынку і жаданне адпачываць засталіся" — заўважыла эксперт. І выказаць здагадку, як павядзе сябе турыст, якія напрамкі абярэ, пакуль складана.