МІНСК, 2 сак — Sputnik. У эфіры расійскай радыёстанцыі "Наше радио" адбылася прэзентацыя песні "Да здравствует король", прысвечаная памяці лідэра гурта "Король и Шут" Міхаілу Гаршэнёву.
У песні распавядаецца пра шлях лідэра "Король и Шут" да славы і пра яго "слабасці", якія сталі прычынай ранняй смерці музыкі.
Лейтматыў песні быў напісаны ўжо даўно, але з зусім іншым тэкстам, на іншую тэматыку. Лідэру "Тараканаў" Дзмітрыю Сіду Спірыну першы варыянт тэксту не падабаўся, таму песня была адкладзена на нявызначаны час.
"У мяне ўжо даўно была мелодыя на куплет і нават быў тэкст на гэтую песню, але неяк ён мне не падабаўся. Аднойчы я паказаў гэтую мелодыю гурту і адзін з нашых гітарыстаў адзначыў, што мой прыпеў цягне толькі на прэхорус і напісаў новы прыпеў, які быў сапраўды файны. Ён вельмі добра спалучыўся з тым музычным кавалкам, які я запісаў раней", — распавёў Спірын у інтэрв'ю радыёстанцыі "Наше радио".
Ідэю для прыпеву песні лідэр "Тараканаў" Дзмітрый Сід Спірын запазычыў у Міхаіла Жванецкага і напісаў галоўныя радкі ў апошні момант, калі ўся музыка для кампазіцыі ўжо была напісана.
" На нейкіх "фэйсбуках" я ўбачыў зборнік афарызмаў Міхаіла Жванецкага, адзін з якіх гучаў такім чынам: "Няма нічога ганебнага ў тым, калі над табой смяюцца. Горш, калі над табой плачуць". Мне гэты афарызм вельмі запомніўся і найлепшым чынам паклаўся на мелодыю прыпеву", — адзначыў Спірын.
Музыка, спявак і акцёр Міхаіл Гаршэнёў з'яўляўся заснавальнікам і лідэрам рок-гурта "Король и Шут". Напачатку 2000-х гурт набыў вялікую папулярнасць сярод моладзі. Гаршэнёва раптоўна не стала ў 2013-м, музыка памёр ад сардэчнай недастатковасці ва ўзросце 39 гадоў. Смерць музыкі ў такім маладым узросце стала вялікай нечаканасцю для ўсіх прыхільнікаў пост-савецкай рок-супольнасці. Вядомыя гурты пішуць песні, прысвечаныя памяці Гаршэнёва, усталёўваюцца помнікі ў гарадах, штогод ладзяцца вечарыны памяці, здымаюцца біяграфічныя фільмы.