МІНСК, 2 сак — Sputnik. Да 8 сакавіка спявак Аляксандр Патліс вырашыў прапанаваць беларусам паўдзельнічаць у незвычайнай акцыі: прызнацца ў каханні сваім закаханым і паўдзельнічаць у здымках новага кліпу.
Сутнасць акцыі простая: калі ты любіш і любім, ну ці проста верыш у Каханне з вялікай літары, то трэба выкласці сваё фота з сэрцам з далоняў ў Facebook, Instagram або "ВК" з хэштэгам #любовьвладонях — гэта дасць магчымасць прыняць удзел у здымках кліпу. За самыя кранальныя фота музыка абяцае падарункі і квіткі на свой наступны канцэрт у Беларусі. Фатаграфіі будуць збірацца два тыдні пасля 8 сакавіка, гэта значыць з 8 па 22 чысло першага вясновага месяца.
"Я наогул веру ў каханне на ўсё жыццё, мае пачуцці да жонкі Таццяны вось ужо 24 гады не цьмеюць і не становяцца звыклымі. І мая новая песня працятая ёю і прысвечана тым, хто нас натхняе, рухае наперад і ідзе рука аб руку па жыцці," — прызнаецца Патліс.
"Каханне не заменіць нішто — я спадзяюся, што ў Беларусі дастаткова шмат людзей, якія пагодзяцца з гэтым і ў знак салідарнасці выкладуць фота ў свае сацыяльныя сеткі", — дадае музыка.
Акцыю ўжо падтрымаў Экспертны савет інфармацыйнай стратэгіі па ВІЧ / СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь, таму што адна з ідэй арганізацыі — гэта тое, што вернасць у адносінах можа зберагчы многіх людзей ад памылак з незваротнымі наступствамі. Сваю салідарнасць музыканту выказалі і калегі па цэху — музыкі і тэлевядучыя.
Гэтая акцыя — не першы дабрачынны жэст ад Патліса — летась ён разам з аднадумцамі (сярод іх былі заўважаныя тэлевядучая Святлана Бароўская і іншыя медыйныя персоны) сабраў новую бібліятэку для дзяцей SOS-вёскі ў Бараўлянах.