МІНСК, 3 сак — Sputnik. Вядомая актрыса Наталля Крачкоўская, якая была шпіталізавана напрыканцы лютага, памерла ва ўзросце 77 гадоў у Маскве раніцай 3 сакавіка, паведамляе РИА Новости.
Наталля Крачкоўская нарадзілася 24 лістапада 1938 года ў Маскве. Больш чым за 40 гадоў працы ў кіно актрыса знялася ў 70 з лішнім фільмах. Нягледзячы на тое, што галоўных роляў у яе кінакар'еры амаль не было, яна запомнілася ўсім як яркая характэрная актрыса.
Крачкоўская нарадзілася ў акцёрскай сям'і, пасля заканчэння школы паступіла ў ВГIК, на курс Уладзіміра Белакурава. Падчас вучобы ў інстытуце здарылася няшчасце — яна трапіла пад машыну, у яе былі сур'ёзныя праблемы са зрокам, лекары забаранілі дзяўчыне працягваць навучанне.
З 1959-га Крачкоўская здымалася на "Масфільме" спачатку ў масоўках, а затым у эпізадычных ролях. Адна з яе першых прыкметных роляў — Верунька ў фільме Уладзіміра Басава "Бітва ў дарозе".
Вядомасць актрысе прынеслі ролі ў фільмах легендарнага камедыйнага рэжысёра Леаніда Гайдая. Прычым адбылося ўсё выпадкова. Гайдай доўга не мог знайсці прыдатную актрысу на ролю мадам Грыцацуевай для фільма "12 крэслаў". І нават сказаў: "хацелася б, каб яна была падобная на жонку гукарэжысёра Крачкоўскага". Калі высветлілася, што жонка Крачкоўскага мае вопыт акцёрскай працы, яе адразу ўзялі на ролю.
Наталля Крачкоўская адыграла і ў іншых гайдаеўскіх камедыях, сярод якіх "Іван Васільевіч мяняе прафесію", "Не можа быць!", "Прыватны дэтэктыў, або Аперацыя "Кааперацыя".
Акторка здымалася ў карцінах "Будзьце маім мужам", "Беражыце мужчын", "Пакроўскія вароты", "Пасля дождычка ў чацвер", "Цырк прыехаў", "Чалавек з бульвара Капуцынаў", "Аднойчы ў Адэсе, або Як з'ехаць з СССР", "Рускі бізнэс", "Майстар і Маргарыта", "Маскоўскія канікулы", "Дзеці панядзелка" і шмат іншых.
Крачкоўская была пастаяннай актрысай кіначасопісаў "Ералаш" і "Кнот".
У 1998 годзе яна была ўдастоена звання заслужанай артысткі РФ. Актрыса была замужам за гукарэжысёрам Уладзімірам Крачкоўскай (1923-1988), з якім пазнаёмілася ў 1962 годзе. У 1963 годзе ў сям'і нарадзіўся сын Васіль, які, як і бацька, стаў гукарэжысёрам.
У апошнія гады жыцця ў актрысы былі сур'ёзныя праблемы са здароўем, летам 2015 года яна трапіла ў рэанімацыю Першай Градскай лякарні ў Маскве з ацёкам лёгкіх. Тады Крачкоўскую ўдалося выратаваць.
28 лютага 2016 года актрыса была шпіталізавана з інфарктам міякарда, лекары ацэньвалі яе стан як цяжкі. Раніцай 3 сакавіка Наталля Крачкоўская памерла.