МІНСК, 3 сак — Sputnik. Сабекошт адной паездкі ў сталічным метро складае каля 7,5 тысячы рублёў, паведаміў у чацвер намеснік дырэктара па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Алег Круглоў.
У цяперашні час кошт жэтона для праезду ў метро складае 5,5 тысячы рублёў, талон на наземны грамадскі транспарт каштуе 5 тысяч.
"Самаакупнасць мінскага метро залежыць ад кошту праезду. Сёння сабекошт праезду ў падземцы складае каля 7,5 тысячы, аднак рашэнне аб павышэнні цэн прымае не кіраўніцтва метрапалітэна", — сказаў Круглоў.
Праезд у метро падаражэў з 24 снежня мінулага года: тады Мінгарвыканкам прыняў рашэнне павысіць кошт адной паездкі з 4,5 тысячы да 5,5 тысячы.