МІНСК, 9 сак — Sputnik. Пытанні развіцця дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і ЕС будуць абмеркаваныя падчас візіту ў Мінск спецпрадстаўніка Еўрасаюза Стаўраса Ламбрынідзіса, які прыбыў у беларускую сталіцу напярэдадні.
Паводле інфармацыі МЗС РБ, візіт спецпрадстаўніка ЕС па правах чалавека арганізуецца ўпершыню ў мэтах садзейнічання далейшаму развіццю дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, які быў адноўлены ў ліпені 2015 года.
"Падчас візіту ў Мінск, які будзе доўжыцца тры дні, Ламбрынідзіс сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, палітычных партый, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі", — паведамілі Sputnik у сераду ў прэс-службе прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.
Як паведамілі ў прэс-службе ніжняй палаты беларускага парламента, на 9 сакавіка запланавана сустрэча Ламбрынідзіса са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам, падчас сустрэчы будуць абмеркаваныя пытанні развіцця дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і ЕС. 10 сакавіка спецпрадстаўнік ЕС прыме ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, якая пройдзе ў мінскім гатэлі "Рэнесанс".
Канферэнцыя арганізавана прадстаўніцтвам ААН у Беларусі, у ёй прымуць удзел спецдакладчык ПАСЕ Андрэа Рыгоні, старшыня камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карэл Шварцэнберг, амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха і шэраг замежных экспертаў.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне.