МІНСК, 9 сак — Sputnik. Адмыслова для шоу ў спарткомплексе "Мінск-Арэна" Дэніэл О'Шаліван падрыхтаваў арыгінальны ды-джэй сэт, паведамілі Sputnik арганізатары мерапрыемства.
Дэніэл О'Шаліван (Daneil O'Sullivan), які выступіць на канцэрце Земфіры — лонданскі прадзюсер і кампазітар, які атрымаў сусветную вядомасць, працуючы з Ulver, Grumbling Fur, Sunn O))), Mothlite, Guapo і Æthenor.
Як дыджэй, ён спрытна маніпулюе рознымі жанрамі — ад аркестравай музыкі да медытатыўнага сінці-попа. У якасці спецыяльнага госця акрамя Мінска Дэніэл выступіць перад прыхільнікамі Земфіры ў Калінінградзе. У астатніх гарадах на разагрэве ў зоркі гуляюць іншыя цікавыя музыканты з Вялікабрытаніі і толькі адзін з Расіі.
"Hello! Спраўдзілася мая мара — цягам усяго тура на разагрэве будуць граць маладыя (і не вельмі) файныя замежныя музыканты. Цягам гэтага тыдня усіх вам прадстаўлю", — напісала Земфіра ў самым пачатку тура "Маленькі чалавек" на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Усяго са спявачкай падчас тура выступіць 6 артыстаў і гуртоў: DJ Tasker, Daniel O'Sullivan, The Dears, Everything Everything, Mujuice и Alex Vargas.
Замест Рамана Літвінава, ён жа Mujuice, з Земфірай павінны былі граць музыкі з Hidden Charms. Аднак падчас гастроляў спявачкі адбылася трагедыя з мэнэджарам каманды Крэйгам Тарам. Разам з удзельнікамі маладога ангельскага гурта Viola Beach ён загінуў у аўтакатастрофе ў Швецыі. Hidden Charms былі вымушаныя адмяніць свае выступы ў якасці спецыяльных гасцей тура "Маленькі чалавек" у Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Самары і Уфе.
"Я іх ніколі не падводзіла, маіх гледачоў. Яны — мая ідэя, а я — іх. І ў кожным туры я стараюся прыдумаць нешта новае. У гэты раз я вырашыла ўзяць толькі ангельскіх музыкаў — ангельскую каманду! Я стамілася ад рускіх музыкаў, цяпер іх у мяне няма, і гэта насамрэч прысуд ім", — прызналася напярэдадні гастроляў Земфіра.
Мяркуючы па пастам ў афіцыйным інстаграме тура, спявачка поўная сіл, нягледзячы на вельмі жорсткі графік. Зорка часцяком посціць фатаграфіі са сваімі музыкамі, фрагменты рэпетыцый і — о цуд! — уласныя сэлф.
Канцэрт Земфіры адбудзецца ў Мінску ў спартыўным комплексе "Мінск-Арэна" 15 сакавіка ў межах тура "Маленькі чалавек". Кошт квіткоў складае ад 400 да 500 тыс. рублёў.