МІНСК, 9 сак — Sputnik. Вуліцы ў двух раёнах Магілёва былі затоплены ў выніку раставання снегу, паведамляюць карыстальнікі сацыяльных сетак.
Рэзкае павышэнне тэмпературы пачалося ў Беларусі напярэдадні 8 сакавіка — месцамі слупкі тэрмометраў падняліся да адзнакі + 15 ° С.
Паводле інфармацыі ўдзельнікаў групы "Магілёў Real" затопленыя вуліцы ў раёне Казіміраўка і Малая Бароўка.
"Работы па адпампоўванні вады ў Малой Бароўцы вяліся суткі, але асаблівага плёну не прынеслі. Цяпер прапрацоўваецца варыянт комплекснага падыходу вырашэння праблемы з падтапленнем", — сказаў Sputnik па тэлефоне прэс-сакратар Магілёўскага абласнога УМНС Вадзім Урублеўскі.
Ён таксама паведаміў, што інфармацыя аб падтапленні раёна Казіміраўка ў цяперашні час правяраецца.
Па словах Урублеўскага, такая сітуацыя склалася ў сувязі з рэзкім пацяпленнем: снег, які выпаў некалькі дзён таму, пачаў хутка раставаць, у выніку чаго жылыя дамы і падворкі апынуліся ў вадзе.
Па дадзеных Гідрамета, цёплае надвор'е пратрымаецца ў Беларусі да канца тыдня, а затым пахаладае — чакаюцца маразы і снегапады.