МІНСК, 14 сак — Sputnik. Балет, які скарыў сэрцы ўжо тысяч гледачоў у розных краінах, пакажуць у Мінску 28 кастрычніка. Спектакль спалучае ў сабе найлепшае з класічнага балета, сучаснага танца і кінематографа.
Гісторыя пра каханне і здраду, славу і грошы, і пра вечнае адзіноцтва чалавека — актуальна заўжды. Таму і балет The Great Gatsby атрымаўся "па-за часам": блізкім да сучаснага гледача, але з рамантычным флёрам 20-х гадоў мінулага стагоддзя.
Над пастаноўкай праекта працаваў Дуайт Радэн — "самы запатрабаваны харэограф сучаснасці" па версіі New York Times, які працуе з Cirque Du Soleil, ставіць для Прынца, U2 і Лені Кравіца, танцэвальныя сцэны для галівудскіх фільмаў.
"Каму прыйдзецца да спадобы гэты балет? Мабыць тым, хто цэніць высокі ўзровень і наватарства. У балеце The Great Gatsby спалучаецца сучасная харэаграфія і класічны балет. Замест дэкарацый — відэапраекцыі, якія не проста ствараюць атмасферу, яны разам з музыкай ствараюць настрой, паказваюць тыя дэталі, якія дапамагаюць гледачу адчуць увесь спектр эмоцый. Усё гэта робіць гледача не проста назіральнікам, але прымушае стаць удзельнікам гэтай грандыёзнай гісторыі", — распавёў аўтар праекта Дуайт Радэн.
Трупа праекта — гэта міжнародная каманда, якая складаецца з салістаў Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) і Complexions Contemporary Ballet (ЗША), а таксама танцоўшчыкаў, якія трапілі ў праект дзякуючы адкрытаму кастынгу.
Галоўную партыю (Джэя Гэтсбі) выконвае зорка сусветнага балета, прэм'ер Марыінскага тэатра, адзіны ў свеце ўладальнік чатырох Гран-пры прэстыжных балетных конкурсаў — Дзяніс Мацвіенка.
"Мы стварылі не проста добры балет, мы зрабілі цалкам унікальны праект — змяшалі мадэрн, класіку і элементы мюзікла. Атрымалася высакакласнае шоу. Калісьці Фрэдзі Мэрк'юры сказаў: "Я не марыў стаць зоркай — я марыў стаць легендай". Калі мы здолеем сказаць новае слова ў балеце, стварыць новую форму і новы стыль — вось гэта будзе сапраўдная перамога. З кожным новым паказам The Great Gatsby набывае ўсё новыя і новыя грані. Упэўнены, мы на дакладным шляху — распавёў Мацвіенка.
Музыку да балета напісаў знакаміты кампазітар і прадусар Канстанцін Меладзэ ў суаўтарстве з Юрыем Шапетай. Для Меладзэ гэта быў первы досвід напісання музыкі для балета.
Музыка ў пастаноўцы — гэта спалучэнне розных музычных жанраў. У аснове — сімфанічная музыка, сучасныя музычныя рытмы, безумоўна джаз, які адсылае гледачоў да часоў дзеяння рамана "Вялікі Гэтсбі". Да слова, арыгінальная тэма выканана Палінай Гагарынай, а таксама зняты кліп знакамітым кліпмэйстэрам Аланам Бадоевым пры ўдзеле Дзяніса Мацвіенка.
Балет The Great Gatsby павінен спадабацца ўсім прыхільнікам Cirque Du Soleil, Мадонны і мадэрн балета. Бо ў гэтай пастаноўцы ёсць усё: сучасная харэаграфія, класічны балет, выдатны відэашэраг, у якім танцоўшчыкі нібы існуюць паралельна з танцам на сцэне, музыка, вытрыманая ў лепшых традыцыях сучаснасці і акцёрская гульня, якая прымушае гледача быць удзельнікам гэтай вялікай гісторыі.
У Мінску балет пакажуць 28 кастрычніка ў Палацы рэспублікі, пачатак а 19-й гадзіне, кошт квіткоў складае ад 300 да 1 500 тыс рублёў.