МІНСК, 15 сак — Sputnik. Больш за 12 тысяч чалавек засталіся ў аўторак без гарачага і халоднага водазабеспячэння з-за надзвычайнага здарэння на помпавай станцыі №2 горада Рагачова, паведамілі Sputnik у мясцовым райвыканкаме.
Абвал прыёмнай жалезабетоннай студні на каналізацыйнай помпавай станцыі №2 у Рагачове адбыўся каля пяці гадзін раніцы. Для ліквідацыі наступстваў у некалькіх мікрараёнах горада адключылі гарачую і халодную ваду.
"Да 20.00 будзе адсутнічаць халодная і гарачая вада ў жылых дамах мікрараёнаў заводаў "Дыяпраектар", "Карэя" і "Балота", — паведамілі ў райвыканкаме.
Без вады таксама засталіся адна школа і тры дзіцячыя садкі. Вядома, што на сістэму ацяплення прарыў не паўплываў. Над ліквідацыяй наступстваў працуюць супрацоўнікі камунальных службаў, а таксама РАНС, а з 10 раніцы арганізаваны падвоз вады ў некалькі кропак па ўсім горадзе.