МІНСК, 16 сак — Sputnik. Фотажурналісты з усіх 5 кантынентаў на працягу тыдня яшчэ могуць стаць удзельнікамі Міжнароднага конкурсу фотажурналістыкі імя Андрэя Сценіна, які праводзіцца МІА Россия сегодня пад эгідай Камісіі РФ па справах ЮНЕСКА.
На дадзены момант свае працы ўжо даслалі прадстаўнікі ЗША, Бразіліі, Перу, Аўстраліі, Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Егіпта, Індыі, Кітая. Прыём прац працягваецца на сайце конкурсу stenincontest.ru да 22 сакавіка 2016 года ўключна. Конкурс адкрыты для ўдзельнікаў ва ўзросце ад 18-ці да 33-х гадоў.
"Кожны ўдзел у конкурсе дазваляе нам удасканальваць сябе і свае навыкі. Адметная асаблівасць гэта года ў тым, што больш за 60% фатаграфій на конкурс пададзена ў колеры, гэта пераклікаецца з назвамі намінацый", — заявіў дырэктар аб'яднанай дырэкцыі фотаінфармацыі МІА Россия Сегодня Аляксандр Штоль.
Работы на конкурс прымаюцца ў пяці намінацыях: "Мая краіна", "Фарбы свету. Гармонія жыцця", "Партрэт. Герой нашага часу", "Галоўныя навіны" і "Спорт". Па выніках галасавання журы ў кожнай намінацыі будуць вызначаны тры прызавыя месцы, а таксама ўручана адмысловая ўзнагарода "Гран-пры".
У журы ўвайшлі вядучыя прадстаўнікі расійскай і сусветнай фотаграмадскасці, сярод якіх — Вольга Свіблава, заснавальнік і дырэктар Мультымедыя Арт Музея (Маскоўскага дома фатаграфіі), сапраўдны член Расійскай акадэміі мастацтваў (Расія); Дэні Пакен, намеснік дырэктара фотослужбы агенцтва The Associated Press (ЗША); Чжэн Вэй, намеснік дырэктара дэпартамента фотаінфармацыі навінавага агенцтва "Сіньхуа" (Кітай); Юрый Козыраў, расійскі фотажурналіст; Альда Мендзікі, італьянскі фатограф, арганізатар адукацыйных курсаў і семінараў і іншыя.