МІНСК, 22 сак — Sputnik. Вечар, прысвечаны творчасці Уладзіміра Караткевіча пройдзе ў Вялікім тэатры 29 сакавіка.
У гэты вечар на адной сцэне гледачы ўбачаць бронзавага прызёра Лонданскай Алімпіяды-2012 Любоў Чаркашыну, саліста Вялікага тэатра Беларусі лаўрэата міжнародных конкурсаў Іллю Сільчукова, акцёра, рэжысёра, мастацкага кіраўніка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандра Гарцуева, тэлевядучую, спявачку і аўтара песень Вольгу Рыжыкаву, акторку тэатра і кіно Алену Дуброўскую, спевака Тэа, а таксама творчую сямейную пару — тэлевядучую Наталлю Бібікаву і яе мужа, акцёра Андрэя Бібікава.
Працягнецца вечар на галоўнай сцэне Вялікага тэатра операй "Сівая легенда" — у стварэнне гэтага твора сваю працу і талент уклалі кампазітар Дзмітрый Смольскі і аўтар лібрэта Уладзімір Караткевіч.
Рэжысёр-пастаноўшчык — Міхаіл Панджавідзэ. У антракце гледачы змогуць прыняць удзел у конкурсе на мастацкае чытанне твораў Караткевіча.
Удзельнікі і пераможцы будуць узнагароджаны падарункамі і сувенірамі ад Вялікага тэатра, а таксама атрымаюць магчымасць узяць аўтограф у любімых зорак. У фае тэатра Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры арганізуе выставу "Быў. Ёсць. Буду… ", прысвечаную Уладзіміру Караткевічу, дзе можна будзе ўбачыць рэдкія фатаграфіі пісьменніка, яго рукапісы і нават пачуць голас Уладзіміра Сямёнавіча — з архіўных запісаў.