МІНСК, 25 сак — Sputnik. Рэгулярны чэмпіянат КХЛ сезона-2016/17 стартуе ў жніўні і завершыцца ў лютым, паведамілі ў прэс-службе Лігі.
"Рэгулярны чэмпіянат пачнецца 22 жніўня і завершыцца 18 лютага. Максімальная дата заканчэння фінальнай серыі плэй-оф — 20 красавіка, за два тыдні да старту першынства свету, якое ў наступным годзе пройдзе ў Германіі і Францыі", — распавялі ў КХЛ.
Ранні пачатак чэмпіянату ў КХЛ патлумачылі неабходнасцю забяспечыць аптымальнае размеркаванне 144 гульнявых дзён рэгулярнага чэмпіянату, а таксама матчаў плэй-оф, улічваючы інтарэсы нацыянальнай зборнай Расіі і ўсіх клубаў лігі.
Там растлумачылі, што структура сезону распрацавана з улікам інтарэсаў зборнай Расіі і прадугледжвае тры паўзы ў чэмпіянаце на час удзелу нацыянальнай каманды ў турнірах Евротура — з 29 кастрычніка па 6 лістапада, з 10 па 18 снежня, а таксама з 4 па 12 лютага.
"Як ужо паведамлялася раней, на час правядзення Кубка свету ў Таронта (з 17 верасня па 1 кастрычніка) чэмпіянат КХЛ перарывацца не будзе", — растлумачылі ў КХЛ.
Рэгулярны чэмпіянат КХЛ сезона-2015/16 стартаваў 24 жніўня і завяршыўся 18 лютага. Гульні плэй-оф пачаліся 21 лютага, а заключны матч фінальнай серыі, калі яна зацягнецца да сямі сустрэч, запланаваны на 19 красавіка. У восьмым сезоне КХЛ мінскае "Дынама" не выйшла ў плэй-оф, заняўшы ў рэгулярным чэмпіянаце ў Заходняй канферэнцыі дзевятае месца.
Старт продажаў абанементаў на матчы "зуброў" на новы сезон, як распавялі Sputnik ў прэс-службе сталічнай дружыны, намечаны на 5 красавіка. У гэтым годзе клюб абвясціў пра новаўвядзенні абанементнай праграмы, з якімі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце "Дынама".