МІНСК, 28 сак — Sputnik. Лагатып фінальнай алімпійскай кваліфікацыі па хакеі прадстаўлены ў Мінску, паведамілі Sputnik у прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі (ФХРБ).
Алімпійскі кваліфікацыйны турнір па хакеі пройдзе з 1 па 4 верасня ў "Мінск-Арэне". Падапечныя Дэйва Льюіса будуць змагацца за права выступіць у Пхенчхане (Паўднёвая Карэя) у 2018 годзе са зборнымі Даніі (1 верасня), Польшчы (2 верасня), Славеніі (4 верасня).
"Для турніру фінальнай алімпійскай кваліфікацыі быў распрацаваны спецыяльны лагатып. Па словах генеральнага сакратара ФХБ Яраслава Заўгароднега ў аснову эмблемы лёг фірмовы стыль федэрацыі хакея Беларусі: рух хакейнай шайбы па гульнявым полі. Камбінацыя гэтага стылю з беларускім арнаментам стварае унікальны і цікавы вобраз", — распавялі ў прэс-службе ФХРБ.
Суразмоўцы агенцтва звярнулі ўвагу, што на аснове эмблемы турніру фінальнай алімпійскай кваліфікацыі былі распрацаваны адметныя знакі для кожнай краіны-ўдзельніцы. "Створаныя сімвалы падкрэсліваюць нацыянальны характар і індывідуальнасць кожнай каманды", — падкрэслілі ў ФХРБ.
Акрамя гэтага ў федэрацыі дадалі, што адмыслова да турніру была распрацавана гнуткая сістэма продажу квіткоў.
"Напрыклад, калі заўзятары плануюць наведаць усе гульні турніру з удзелам зборнай Беларусі, то набыўшы адпаведны пакет, на трэці матч яны пойдуць, па сутнасці, бясплатна. Яшчэ большую выгаду можна атрымаць, купіўшы квіткі на ўсе паядынкі турніру. Тады агульная зніжка будзе раўняцца 50%", — растлумачылі ў прэс-службе хакейнай федэрацыі.
Арганізатары абяцалі стварыць, як і на Чэмпіянаце свету 2014 года ў Мінску, зону гасціннасці. Зборная Беларусі плануе пачаць падрыхтоўку да алімпійскага адборачнага турніру ў другой дэкадзе жніўня.