МІНСК, 29 сак — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях узаемадзеяння рэспублікі з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй даў прынцыповую згоду на паскарэнне перамоў аб уступленні краіны ў СГА, паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
"Прэзідэнт даў прынцыповую згоду, каб гэты працэс быў актываваны. Уступаць у СГА мы будзем", — сказаў Кабякоў журналістам па выніках нарады.
Прэм'ер адзначыў, што на сёння партнёры Беларусі па ЕАЭС з'яўляюцца членамі СГА. Акрамя таго, паводле яго слоў, "зусім нядаўна былі знятыя санкцыі, і Захад выказвае гатоўнасьць уступіць у актыўную фазу перамоваў".
Кіраўнік урада адзначыў, што ў бліжэйшы час пачнецца складанне графіка перамоваў.
Прэм'ер таксама падкрэсліў, што пакуль пазіцыі асноўных партнёраў па ўступленні Беларусі ў СГА з'яўляюцца прымальнымі для краіны. У той жа час рэспубліка хоча ўбачыць канкрэтныя запыты сваіх партнёраў, каб ацаніць рызыкі.
"Калі будуць узнікаць складанасці і рызыкі, будзем іх абмяркоўваць", — сказаў Кабякоў, падкрэсліўшы, што падчас перамоўнага працэсу галоўнае — дасягнуць у цэлым станоўчага для краіны балансу інтарэсаў.
Гаворачы аб тэрмінах, у якія можа адбыцца ўступленне Беларусі ў СГА, прэм'ер заўважыў, што "наш працэс мае ўсе шанцы на поспех у досыць кароткі час".
"Я б не стаў забягаць наперад, але думаю, што гэта пытанне сярэднетэрміновай перспектывы", — дадаў ён.