Юлія Хвошч, Sputnik.
Апошні народны паэт Беларусі, грамадскі дзеяч, дэпутат… Для мяне, як для чалавека, чые школьныя гады выпалі на 90-е, Ніл Гілевіч заўжды быў жывой легендай, класікам, чалавекам-эпохай і стаяў у адным шэрагу з Барадуліным, Быкавым, Купалай і Коласам. Настаўніца беларускай літаратуры выхоўвала наш клас у любові і павазе да беларускай мовы, вельмі любіла беларускую паэзію, а мы любілі выкладчыцу. Менавіта школа прышчапіла да нас глыбокую павагу да мовы і беларускай культуры. Прычым у вывучэнні белліту не адчувалася ніякага прымусу ці "абязалаўкі": "Што распавядаць — самі пачытайце", — казала нам настаўніца, і мы па чарзе ўслых чыталі творы Гілевіча і Коласа.
Памятаю, як аднойчы яна прывезла нас на плошчу Якуба Коласа — там праходзіла нейкае ўрачыстае мерапрыемства, сабраліся школы з усяго горада. Быў там і Ніл Гілевіч. Пасля ўрачыстай прадмовы ён падпісваў свае кнігі дзецям. Побач з дзецьмі ён, вельмі статны ад прыроды, падаваўся зусім волатам. Вельмі тады запомнілася велізарная колькасць дзяцей вакол яго, сам усмешлівы Гілевіч і вясна — гэта быў сюжэт адной карціны, які надоўга застаўся ў памяці. "На, кніжку бяжы падпішы", — праштурхоўвала мяне скрозь натоўп настаўніца. Я адкрыла зборнік з яго вершамі, працягнула яму — на мяне глядзелі вочы, поўныя святла. Той дзень на мяне, вучаніцу малодшых класаў, зрабіў моцнае ўражанне. Нават не ведаю, што ўразіла больш: тое, што на мяне паглядзеў чалавек з падручніка, або канцэнтрацыя дабрыні ў вачах паэта.
Прайшло шмат гадоў, і хто б мог падумаць, што маім першым рэдакцыйным заданнем стане ўзяць інтэрв'ю ў Ніла Гілевіча і павіншаваць яго з Днём роднай мовы. "У яго? У чалавека з падручніка?" — толькі і змагла разгублена перапытаць я.
Яго нумар набірала з пачуццём чагосьці вельмі важнага: "А раптам ён пагодзіцца на сустрэчу? Гэта ж, магчыма, самая важная сустрэча ў маім жыцці…"
"Так, а вы хто? Газета, ці як? Добра. Прыходзьце заўтра. Як ваша прозвішча? Хвошч? Оххх-ооо! Вы вершы павінны пісаць з такім прозвішчам, і псеўданім ніякі не патрэбны". Я прызналася, што пісала, як і ўсе калісьці ў юнацтве. Гілевіч загадаў узяць іх з сабой на сустрэчу. Голас яго быў досыць бадзёрым, з жартлівымі ноткамі, але ён папярэдзіў, што крыху прыхварэў і апошнім часам не дае інтэрв'ю журналістам. "Толькі патэлефануйце папярэдне", — папярэдзіў Ніл Сымонавіч.
Сам факт сустрэчы з Гілевічам мяне вельмі усхваляваў, атрымаўшы ЦУ ад рэдакцыі і купіўшы букет кветак, я накіравалася па паказаным адрасе. За паўгадзіны да прызначанага часу тэлефаную, каб нагадаць пра сустрэчу.
"Вы прабачце, калі ласка, нешта я зусім дрэнна сябе адчуваю і нічога не змагу вам сёння сказаць, і мне вельмі шкада, што я не пазнаёмлюся сёння з маладым журналістам, ды яшчэ і тым, які пісаў калісьці вершы, але калі вы памятаеце пра такі дзень як Дзень роднай мовы, то я ўжо шчаслівы". Голас паэта быў зусім іншым, чым напярэдадні — яму было цяжка гаварыць, але ён працягваў прасіць прабачэння за сарваную сустрэчу. А потым дадаў:
"Ведаеце, вось у мяне на паліцы стаіць дваццацітрохтомавік маіх твораў, я яго выдаў за ўласны кошт. Кожны том прасякнуты любоўю да беларускай мовы. Усе 23 тамы надрукаваны невялікім тыражом — 100, а то І 50 асобнікаў. Гэта не тысяча і нават не пяцьсот. Алё я спадзяюся, што знойдуцца тыя, хто данясе яго людзям, і, магчыма, любові ды беларускай мовы стане крыху больш".
Я нясмела пацікавілася, ці можна яго хоць бы павіншаваць са святам і ўручыць кветкі. Даведаўшыся, што мы з фатографам знаходзімся каля яго пад'езда, адчыніў. Нас сустрэў чалавек, які адчуваў сябе не лепшым чынам, але вылучаў неверагодную колькасць дабра, як і калісьці даўно, шмат гадоў таму на плошчы Якуба Коласа. Паэт адразу папрасіў прабачэння за "беспарадак" — вялізныя стосы акуратна складзеных кніг, архіўных папак, сшыткаў, якія былі літаральна паўсюль. У яго сціпла абстаўленай кватэры лунаў дух творчасці і здавалася, што ўсё ў ёй — да самай дробнай цацанкі — было жывым.
Народны паэт апынуўся неверагодна сціплым чалавекам. За тыя некалькі хвілін, што мы ў яго былі, ён нічога не сказаў пра сябе, затое цікавіўся, адкуль мы з фатографам родам, хто нашыя бацькі і кім яны працуюць. Характэрна, што гэта была непадробная цікавасць. Тады ён падпісаў мне на памяць зборнік вершаў, які склаў яго сябра і выпусціў вельмі маленькім накладам. Дрыготкімі рукамі я ўзяла ў рукі кніжку.
Калі мы развітваліся, Гілевіч папрасіў паказаць або даслаць яму фатаграфіі, зробленыя падчас гутаркі.
Пра просьбу я памятала. Праз некаторы час патэлефанавала і сказала, што магу прынесці яму фатаграфіі. Гілевіч адказаў, што і гэтым разам інтэрв'ю не будзе з-за дрэннага самаадчування, але фота перадаць дазволіў. Убачыўшы фатаграфіі, Ніл Сымонавіч узрадаваўся нібы дзіця: "Вось тут я добра атрымаўся, дзякуй вялікі!". Потым даў маркер і папрасіў са зваротнага боку падпісаць прозвішча фатографа і назву сайта: "Гэта потым, калі разбіраць будуць". Гучала гэта жудасна, як быццам бы яго "прастуда", як ён тлумачыў свой стан, — зусім не прастуда. Яго выдала прыродная шчырасць. У другі раз мы гутарылі з Гілевічам дзесьці з паўгадзіны.
"Мне ёсць што сказаць. І я хачу сказаць. Але я хачу сабрацца з сіламі, падрыхтавацца да гэтага. Калі вы прыйдзеце да мяне ў наступны раз у Дзень мовы ці з нейкай іншай нагоды, я вам ужо не адмоўлю. Але, даруйце, пакуль нічога казаць не буду".
Па зразумелых прычынах я і не думала ўключаць дыктафон.
Мы з ім пагутарылі пра сучасную паэзію, пра творчасць, пра жыццёвае прызначэнне і Радзіму. Насупраць мяне сядзеў чалавек, на творах якога я вырасла, было адчуванне, што я трымаю своеасаблівы жыццёвы іспыт.
Ужо тады, у чэрвені, ён ні над чым не працаваў: "Я разбіраю свае запісы, спяшаюся ўсё давесці да ладу". Некалькі разоў я спрабавала пераключыць размова на яго, але ён зноў амаль нічога не сказаў пра сябе, усё пытаўся — пра бацькоў, бабуль і дзядуляў.
Калі прыйшоў час развітвацца, ён прынёс шакаладку "Алёнка" і, быццам саромеючыся, папрасіў: "Перадайце маці, калі ласка".
Мудры, а таму сціплы, інтэлігентны, тонкі, але шчыры — такім у маёй памяці застанецца Ніл Гілевіч.