МІНСК, 31 сак — Sputnik. Амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў лічыць, што пытанне павышэння пенсійнага ўзросту патрабуе "стратэгічнага абмеркавання".
У Беларусі з 2017 года плануецца паэтапнае, з крокам у паўгода павышэнне пенсіённага ўзросту. У выніку час выхаду на пенсію для жанчын складзе 58 гадоў, для мужчын — 63 гады, гэта значыць на тры гады пазней, чым цяпер.
"Калі мы пагаршым жыццё таго пакалення, якое выходзіць на пенсію, што скажа наступнае пакаленне? Ці не спытаюць яны — а што гэта я тут жыву, і ці не пашукаць пункту прыкладання сваіх сіл у іншых краінах? Для чаго чалавек працуе — каб выйсці на пенсію і там адпачываць, займацца кветачкамі і ўнукамі", — заявіў расійскі дыпламат у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
"Ці трэба нам, каб сын мужчыны, які выйдзе на пенсію пазней, чым разлічваў, падумаў дрэнна пра дзяржаву?", — сказаў ён.
І дадаў, што ўлада павінна думаць пра тое, як зрабіць так, каб бюджэт мог у поўным аб'ёме несці пенсійную нагрузку.
"Так, магчыма пенсійны ўзрост трэба павышаць, але нельга пагаршаць якасць жыцця чалавека. У нас у Расіі абмеркаванне гэтага пытання ідзе, але трэба падключаць грамадскія аб'яднанні. Разам трэба абмяркоўваць, каб не ўшчамляць самога чалавека. Гэтыя пытанні патрабуюць ўважлівага падыходу, каб не дыскрэдытаваць саму краіну і грамадства, таму што свет зараз адкрыты", — сказаў на заканчэнне расійскі дыпламат.