МІНСК, 31 сак — Sputnik. Крама "Ласунак" зачыніцца 1 красавіка, з тым, каб праз месяц адкрыцца ў новым абліччы — памяшканне вядомай кандытарскай крамы выкупіла "Камунарка". Карэспандэнт Sputnik пабываў у "Ласунку" напярэдадні рэарганізацыі.
"Шкада, а вам не шкада?", — развялі рукамі прадаўцы, а пакупнікі ў гэты час пілі за маленькай барнай стойкай "Ласунку" развітальную каву.
Перш хадзілі чуткі, быццам на месцы крамы адкрыецца рэстаран, але апынулася, памяшканне выкупіла "Камунарка". Кліенты "Ласунку" на гэтую навіну рэагуюць прыкладна як на ўсынаўленне добрага дзіцяці стрыечнай цёткай — аддаваць дзіця ўсё роўна шкада, але хоць не ў чужыя рукі.
"Што будзе з калектывам, пакуль незразумела, але "Камунарка" не супраць працаўладкаваць кожнага ахвочага з нас", — сказалі ў краме.
Дадалі, праўда, што частка супрацоўнікаў пойдзе на пенсію, яшчэ некалькі чалавек атрымалі адукацыю і звольняцца.
Дарэчы, "Камунарка" не збіраецца абмяжоўваць асартымент толькі ўласнымі вырабамі, у краме, кажуць, плануюць пашырыць лінейку за кошт іншых брэндаў.
"Магчыма, зробяць кафэтэрый, шакаладніцу — горш не будзе", — супакоілі кліентаў супрацоўнікі "Ласунка".
Калектыў трымаецца бадзёра, кажуць, пакупнікі прыходзяць, хваляць асартымент і распавядаюць, як будуць сумаваць па "Ласунку".