У Мінску развітваюцца з Гілевічам

© Sputnik / Виктор ТолочкоНа развітанні з Нілам Гілевічам
На развітанні з Нілам Гілевічам - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У царкву Пятра і Паўла прыйшлі паэты, грамадскія дзеячы, палітыкі, школьнікі і студэнты, каб праводзіць у апошні шлях Народнага паэта Беларусі.

МІНСК, 2 кра — Sputnik. Людзі сцякаюцца да сабора Пятра і Паўла з ружамі, хрызантэмамі, гваздзікамі, каля труны Ніла Гілевіча з 11 гадзін збіраюцца людзі каб развітацца з паэтам.

У вароты царквы без кветак ніхто не ўваходзіць. У самой царкве ціха, на цымбалах выконваюць беларускія песні, людзі шэптам перагаворваюцца — у асноўным аб тым, што з сыходам Гілевіча сыходзіць эпоха.

Сярод сяброў паэта і яго знаёмых шмат проста прыхільнікаў творчасці паэта.  

"Мова стала моднай, выкладаю першакурснікам, а ім і ў галаву не можа прыйсці спытаць, чаму я выкладаю па-беларуску. Усё наадварот саромеюцца, калі не могуць выказаць думку па-беларуску. Змены адбыліся каласальныя, а Гілевіч ўпершыню выступіў у ЛіМе ў 1973 годзе. Ён не пабаяўся, падняў гэтае пытанне ў нязручны час, я да беларускай мовы прыйшоў дзякуючы Нілу Гілевічу" — распавёў карэспандэнту Sputnik Алег Трусаў, старшыня "Таварыства беларускай мовы".

Трусаў лічыць, што новае пакаленне беларусаў здолела нарадзіцца і вырасці, у тым ліку, дзякуючы Нілу Гілевічу.

А 13-й гадзіне ў царкве распачалася жалобная літургія, якая праводзілася на беларускай мове. Пасля службы за спачын душы нябожчыка з прамовамі выступілі грамадскія дзеячы і блізкія паэта. Слова бралі кіраўнік інстытута літаратуры Беларускай акадэміі навук, рэктар Белдзяржуніверсітэта, беларускі пісьменнік Віктар Казько.

"Ён быў чалавекам глыбока народнага характару, ен жыў, служыў мове і літаратуры да апошняга перыяду. І яго народнасць была арганічнай", — сказаў Казько.

Падчас вынасу цела з царквы сотні людзей праводзілі паэта харавым выкананнем песні "Магутны Божа". 

Развітанне з Нілам Гілевічам праходзіць 1 красавіка ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска. Апошняга Народнага паэта Беларусі пахаваюць на Кальварыйскіх могілках.

Стужка навiн
0