МІНСК, 4 сак — Sputnik. Адкрыты зварот грамадзяніна Беларусі Сяргея Серчэня да прэзідэнта рэспублікі Аляксандра Лукашэнкі апублікаваны ў свежым выпуску "Белгазеты": беларус заклікае кіраўніка дзяржавы не дапусціць выхад Сашы Іванова на сцэну "Еўрабачання" аголеным.
Аб планах Іванова выступіць на сцэне "Еўрабачання" голым заявілі ў сакавіку ў прадзюсерскім цэнтры Віктара Дробыша, які працуе з выканаўцам. Навіна адразу выклікала бурную рэакцыю у сацыяльных сетках, мноства жартаў і скептычных ацэнак. Многія, у тым ліку і народны артыст Аляксандр Ціхановіч, ўпэўнены, што гэта ўсяго толькі піар. Сам жа Іvan працягвае настойваць на тым, што ад ідэі не адмовіцца і прызнаўся, што яго крыўдзіць рэакцыя людзей на такі фармат выступу.
"Лічу недапушчальным для нашай хрысціянскай дзяржавы выступ такога роду. Аголены беларус, які прадстаўляе на конкурсе нашу краіну, і значыць і яе культуру, менталітэт і характар яе народа, з'яўляецца прадстаўніком нашай дзяржавы. А гэта блюзнерства і здзек з нашага народу, якое нельга дапусціць", — звярнуўся ў адкрытым лісце да Лукашэнкі Серчэня.
Ен таксама выказаўся і пра тое, як прадзюсары Іванова "спрабуюць апраўдацца тым, што пакажуць ва ўсім гэтым спектаклі яднанне чалавека з дзікай прыродай". Ён мяркуе, што "разважныя людзі не дазволяць у нашай краіне такое яднанне".
Апошні раз Лукашэнка звяртаў увагу на "Еўрабачанне" напрыканцы 2011 года, калі пасля скандалу вакол магчымай фальсіфікацыі галасавання гледачоў у нацыянальным адборы ён вырашыў, што на конкурс паедзе гурт Litesound, а не Алёна Ланская, як было заяўлена раней.
Саша Іваноў (Іvan) абраны прадстаўніком рэспублікі на "Еўрабачанні" з дапамогай нацыянальнага адбору і глядацкага галасавання. На думку букмекераў, на самім конкурсе ён можа разлічваць толькі на адно з апошніх месцаў.
Конкурс песні "Еўрабачанне-2016" пройдзе 10-14 мая ў Стакгольме.