МІНСК, 8 кра — Sputnik. Выстава ікон і царкоўнага начыння з Беларусі ўпершыню адкрыецца ў музеях Ватыкана 19 мая, паведаміла Ватыканскае радыё ў чацвер са спасылкай на дырэктара музеяў Антоніа Палуччы.
Гэта першая экспазіцыя прадметаў сакральнага мастацтва з Усходняй Еўропы ў Рыме, выстава працягнецца да 25 ліпеня. Ідэя правядзення мерапрыемства нарадзілася падчас візіту дзяржсакратара Папы Францыска кардынала П'етра Параліна ў Мінск, які адбыўся ў сакавіку 2015 года.
"Беларуская выстава ў Ватыкане — гэта значная падзея і, магчыма, пачатак доўгага супрацоўніцтва, паколькі культурныя адносіны з краінамі Усходняй Еўропы, асабліва з праваслаўнай большасцю, знаходзяцца ў прыярытэце у Святога Прастола", — сказаў Палуччы.
Ён таксама выказаўся адносна захоўвання старажытных абразоў і царкоўных прыналежнасцяў ў музеях.
"У прынцыпе, добра, каб творы сакральнага мастацтва захоўваліся ў месцах, дзе былі створаны. Аднак калі ўмовы для бяспекі недастатковыя, больш правільна будзе трымаць іх у музеі", — сказаў дырэктар.
Паводле яго слоў, услед за гэтай выставай у Ватыкане абавязкова пройдуць аналагічныя мерапрыемствы.