Святлана Ліцкевіч, Sputnik.
Майстэрня (яна ж і музей) Івана Міско знаходзіцца ў самым цэнтры верхняга горада, за Архікафедральным касцёлам. Народны мастак сустракае нас ля парога. І пачынае экскурсію не з экспанатаў.
"Вось гэтую бярозу пасадзілі Клімук з Кавалёнкам", — паказвае ён на велізарнае дрэва, якое перажыло не адну рэканструкцыю гарадскіх вуліц. А побач — маленькая бярозка Алега Навіцкага — прадстаўніка новага пакалення беларусаў у космасе.
"Усе яны ў мяне — абавязковыя госці. Калі бываюць у Беларусі, заўсёды заходзяць", — Іван Міско вельмі рады гэтаму свайму "касмічнаму" прыцягненню.
Яму 84 гады, але кожную раніцу ўжо а сёмай гадзіне ён у майстэрні.
Партрэт, які паўтарыў лёс касманаўта
Касмічнай тэмай малады мастак Міско "захварэў" у той год, калі не стала Гагарына.
"Неяк увечары прыйшоў дадому і пачуў па радыё: "Трагічна абарвалася жыццё першага касманаўта Юрыя Гагарына". Раніцай, пад гукі жалобнай музыкі, я стаў ляпіць яго скульптурны партрэт. Зрабіў я яго практычна за дзень, а потым адліў у гіпсе. І паставіў сохнуць на надворку Мастацкага музея (тады там была мая майстэрня), а сам пайшоў абедаць да акадэміка Фёдарава, сына Янкі Маўра", — узгадвае Іван Якімовіч.
Калі скульптар вярнуўся, у завулку стаялі пажарныя машыны. Як сталася, у музейным дворыку пачаўся пажар, згарэлі гаспадарчыя пабудовы, якія стаяла непадалёк машын. І скульптура першага касманаўта Зямлі.
"Я забег на надворак, а там дым, пажарныя ходзяць. "Дзе Гагарын, скульптура?". "Няма тут ніякага Гагарына". Я схапіў пажарны бусак і стаў галавешкі паветкі разграбаць. Пад імі знайшлася мая скульптура, зрэшты, пашкоджаная", — распавёў мастак.
Доўгі час яна так і стаяла абгарэлая ў майстэрні. А аднойчы скульптар вырашыў, што ўсё ж такі трэба яе аднавіць. І як толькі зрабіў гэта ("здаецца, атрымалася лепш, чым было"), пісьменнік Мікалай Чаргінец прывёў у яго майстэрню ў госці Ганну Цімафееўну, маму першага касманаўта. Выпадковасць.
"Я распавёў ёй гісторыю партрэта, а яна кажа: "Як жа падобныя лёс Юры і яго партрэта. Вось толькі скульптуру адрэстаўраваць можна". Пасля гэтых матчыных слоў у мяне сэрца сціснулася. Ганна Цімафееўна сказала, што вельмі хацела б, каб такі партрэт быў на радзіме Юрыя Аляксеевіча, у Гагарыне. Ён і цяпер там стаіць. Толькі ў бронзе. А гэты — абгарэлы — я сабе на памяць пакінуў", — скульптар паказвае стрыжань Гагарынскай скульптуры — яна да гэтага часу пакрыта сажай. Такая вось гісторыя.
"Я сябраваў з Ганнай Цімафееўнай да самай яе смерці. Пазней яна папрасіла зрабіць надмагілле для сына, потым для мужа, а пазней атрымалася, што і для яе самой", — падзяліўся скульптар.
З касманаўтамі ля печы
Зараз скульптуры Івана Міско ёсць не толькі ў Мінску і Маскве, Зорным гарадку і ў Каралеве, але і ў многіх краінах свету. "Я ж не толькі нашых касманаўтаў ляпіў. Калі пачаўся Інтэркосмас, працы ў мяне стала шмат: і французаў ляпіў, і немцаў, мае працы ёсць нават у Ліване", — распавёў Міско.
У майстэрні скульптара вісіць вялікае фота трох беларускіх волатаў — Клімука, Кавалёнка і Навіцкага на фоне самалёта. Міско сябруе з імі ўжо шмат гадоў.
"У маёй майстэрні — як явачная кватэра — хто з нашых касманаўтаў прыязджае, абавязкова заходзіць. Гарбату п'ем. А выпіць што мацней не ўдаецца — яны заўжды за рулём. Затое любім душэўна ля печы пасядзець. У мяне хоць і ёсць цэнтральнае ацяпленне, але печку часам прапальваю — для асабліва прыемных гутарак. Калі дровы там патрэскваюць і разліваецца цяплыня ад печкі, зусім іншая гутарка атрымліваецца. асабліва Пётр Клімук са мной ля печы пасядзець любіць", — распавядае Міско.
Часцяком Іван Міско ездзіць у Зорны гарадок. І калі збіраецца, касманаўты заўсёды робяць яму заказы: просяць прывезці духмянага сала беларускай засолкі, з кменам і часнаком. А ў гасцях абавязкова ў лазню Івана Якімовіча водзяць. У Зорным гарадку яна асаблівая. З "лёгкім" парай і шматскладовым масажам.
"У іх як з раніцы ў лазню пойдзеш, так цэлы дзень правесці можна. А пасля апарні ўсе любяць гарбату піць. Прычым кожны сваім фірмовым травяным напоем любіць пахваліцца", — распавёў Іван Міско.
Скульптар прызнаўся, што любіць дапытвацца ў людзей, што бачылі нашу планету з космасу, калі ж, нарэшце, адбудзецца сустрэча з пазаземнымі цывілізацыямі.
"Я веру — не можам мы адны быць у бясконцым Сусвеце", — летуценна распавёў Іван Міско. І ўздыхнуў, што нават пад вялікімі сакрэтамі нічога такога касманаўты яму не расказвалі.
Космас як дыягназ
Іван Міско амаль паўстагоддзя "ў космасе". Прызнаецца, што прадставіць сябе ў іншай тэме не можа. Ёсць у яго ў майстэрні і партрэты акцёра Генадзя Аўсяннікава, і канцлера ВКЛ Льва Сапегі, і нават дэпутата і ў мінулым кіраўніка "Ласкавага мая" Андрэя Разіна ("аванс даў, а за бюстам не прыязджае"). Але галоўнай лініяй творчасці застаецца, безумоўна, касмічная тэма.
Міско распавёў, што як і кожны нармальны, не пазбаўлены цікаўнасці чалавек, хацеў бы паляцець у космас. У маладосці былі такія мары. Але абсалютным касмічным здароўем, якое трэба касманаўту, нажаль, не валодаў. Аднойчы ў Зорным гарадку яму прапанавалі патрэніравацца на цэнтрыфугах, у якіх звычайна трэніруюцца касманаўты.
"Мяне на трох цэнтрыфугах пакруцілі. Калі я выйшаў (хоць, "выйшаў" — гучна сказана, хутчэй за выпаўз), у мяне выступіў пот на далонях, на шыі, ля сёмага шыйнага пазванка — дакладная прыкмета слабога вестыбулярнага апарата. Я яшчэ тры дні хадзіў як вельмі п'яны чалавек: мяне не проста хістала — я па сценках ішоў. Дарэчы, у Зорным, у залах, дзе трэніруюцца касманаўты, усе сцены выцерты. Але не таму, што іх "штарміць" як мяне. Проста калі яны вяртаюцца на Зямлю пасля працяглых палётаў, зноўку вучацца хадзіць яны як раз па сценцы — прыціскаюцца да сцяны хрыбетнікам, лапаткамі, локцямі і пачынаюць хадзіць дробнымі крокамі", — распавёў Міско.
Але касмічнае здароўе не толькі адмысловы гонар, але і асаблівая адказнасць. Касманаўты абавязаны педантычна за ім сачыць. Аднойчы Івану Якімавічу прыйшлося працаваць над партрэтам французскага касманаўта Жан-Лу Крэцьена. Дзень быў цёплы, вырашана было размясціцца ў двары Зорнага гарадка. Але як толькі падзьмуў лёгкі ветрык, Жан-Лу папрасіў вярнуцца ў памяшканне — праз два тыдні планаваўся палёт. Любы насмарк азначаў бы, што замест яго паляціць дублёр. Скульптару прыйшлося перацягваць цяжкі станок у памяшканне.
"Дарэчы, нямецкі касманаўт Зігмунд Ен быў так апантаны космасам, што для таго, каб умацаваць вестыбюлярны апарат, нават спаў ўніз галавой!", — не стамляецца захапляцца моцам касмічнага духу Іван Якімовіч.
Нямала шчырых гутарак было з касманаўтамі пра здароўе. "Вось культурысту ў космасе рабіць няма чаго. Асабліва калі палёт працяглы. Касманаўту нельга мець вялікую мышачную масу: за час палёту мышцы атрафуюцца і павіснуць нібы квашаніна", — распавёў Міско. Таму заваёўнікі космасу такія сухарлявыя.
"Калі Алег Навіцкі мне пазіраваў, я, як мастак, проста любаваўся прыгажосцю яго целаскладу, постаці", — падзяліўся ўражаннямі майстар. І прызнаўся, што Алег, наогул аматар пажартаваць.
"Неяк, калі ён збіраўся ў чарговы палёт, сказаў: "Я вам патэлефаную". Я не надаў значэння фразе. Падумаў, што звычайная далікатнасць — ведаў, што ён надоўга ў космас збіраецца. А аднойчы тэлефануе ў маёй майстэрні тэлефон. Настойліва так. Падыходжу. "Якімовіч? Гэта Алег Навіцкі!" — "Дык заходзь! — кажу. "Далёка, — адказвае, — я як раз над табой пралятаю".
Навіцкі тэлефанаваў скульптару з космасу яшчэ некалькі разоў. І даракаў, што той дапазна ў майстэрні заседжваецца: маўляў, бачыў, што ўчора а 12-й ночы ў Міско ў майстэрні яшчэ святло гарэла.
"Тут ён, мабыць, мае рацыю. Калі ў мяне ёсць праца, якая захоплівае, я нават пра час забываю. Баюся, што не паспею зрабіць усё, што задумаў. А ідэй у мяне яшчэ вельмі шмат", — усміхнуўся на развітанне народны мастак.