"Бібліяноч-2016" пройдзе адразу на пяці пляцоўках

© Sputnik / Максим Блинов / Перайсці ў медыябанкБібліятэка
Бібліятэка - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Чытанні Эдгара По, майстар-клас па прыгатаванні цукерак з бульбы і кніжны фрымаркет – для наведвальнікаў акцыі.

МІНСК, 13 кра — Sputnik. У акцыі, якая пройдзе 22 красавіка, возьмуць удзел пяць бібліятэк, кожная з якіх будзе мець тэматычную пляцоўку — музычную, жахаў, навуковую, гастранамічную і пляцоўку па абмене кнігамі.

Падчас правядзення акцыі будуць зладжаны шэраг мерапрыемстваў, — навуковых лекцый, канцэртаў, чытанняў — якія можна будзе наведаць цалкам бясплатна.

У навуковай бібліятэцы БНТУ будзе зладжана музычна-агнявая пляцоўка. Наведвальнікі будуць мець магчымасць паслухаць канцэрт беларускіх музыкаў, узяць удзел у тэматычных майстар-класах і лекцыях пра музыку і фаер-шоу, згуляць у настольныя гульні. Напрыканцы вечарыны — агнявое прадстаўленне.  

Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка на адну ноч пераўтворыцца ў "карусель жахаў". Гасцям пляцоўкі будзе прапанавана паўдзельнічаць у майстар-класах і варкшопах, наведаць жахлівую лекцыю "Катастрофы чалавечага цела", узяць удзел у гучных чытаннях паводле апавяданняў Эдгара По, наведаць музей гісторыі медыцыны Беларусі.

Фундаментальная бібліятэка БДУ правядзе імпрэзу па тэме "Сучасны дакументальны экран. Смачныя гісторыі". Гасцям бібліятэкі пакажуць фільм "Гісторыя беларускай страўні" у трох частках і пазнаёмяць з яго стваральнікамі. Будзе зладжаны майстар-клас па прыгатаванні цукерак з бульбы па аўтарскім рэцэпце эксперта, шэраг квэстаў і конкурсаў; выступіць фальклорны ансамбль народнай песні.

У навукова-педагагічнай бібліятэцы ГІАЦ Міністэрства адукацыі РБ для аматараў літаратуры пройдзе "кніжны фрымаркет" для абмену кнігамі. Пляцоўка будзе падзелена на тэматычныя секцыі, каб кожны наведвальнік меў магчымасць знайці цікавую для яго літаратуру.

Яшчэ адной тэмай "Бібліяночы" стане "Ноч з навукай: чалавек і яго свет". Адмысловая пляцоўка адкрыецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі ў дзень правядзення акцыі. Наведвальнікі будуць мець магчымасць паслухаць лекцыю пра генэтыку чалавека і даведацца пра дзіўныя магчымасці дыягностыкі зараз і ў будучыні. Таксама арганізатарамі будуць зладжаны інтэрактыўныя варкшопы і тэматычныя майстар-класы, футурыстычнае неонавае шоу і адмысловая фотазона для здымкаў на памяць.

"Бібліяноч" — штогадовы фестываль чытання, які ставіць сваёй мэтай падрымаць і развіць культуру чытання. Акцыя ў Расіі ўпершыню была праведзена ў 2012 годзе. Падчас акцыі бібліятэкі, кнігарні, літаратурныя музеі па ўсёй краіне пашыраюць час сваёй працы. У Беларусі фестываль упершыню быў зладжаны ў 2015-м.

Акцыя "Бібліяноч" пройдзе 22 красавіка ў пяці бібліятэках Мінска з 19.00 да 23.00, уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. 

Стужка навiн
0