Ліквідатар з Добрушскага раёна паедзе да Папы Рымскага

© REUTERS / Max RossiПапа Рымскі Францыск
Папа Рымскі Францыск - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы 20 красавіка сустрэнецца з удзельнікамі ліквідацыі аварыі на ЧАЭС з Украіны і Беларусі.

Канстанцін Перасветаў, Sputnik

Напярэдадні 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы дэлегацыя з 60 ліквідатараў прыбудзе ў Ватыкан. У ліку запрошаных на сустрэчу з папам Францішкам і жыхар Добрушскага раёна Гомельскай вобласці Адам Варанец.

Запрошаны на прыём да пантыфіку Адам Варанец ў 1986 годзе працаваў настаўнікам геаграфіі ў вёсцы Астрагляды Брагінскага раёна.

"Чарнобыльская атамная станцыя знаходзілася ў 20 кіламетрах ад нас. Пасля атрымання вестак пра аварыю я і мая жонка, якая таксама працавала настаўніцай у сельскай школе, прымалі ўдзел у эвакуацыі дзяцей з Брагінскага раёна, у работах па дэзактывацыі. Паколькі з сувяззю была праблема, даводзілася хадзіць пешшу, часам ноччу, каб папярэдзіць бацькоў аб неабходнасці эвакуацыі дзяцей. Атрымалі самі добрую дозу", — распавёў Адам.

Адаму і Клаўдзіі Варанец быў прысвоены статус ліквідатараў. Пажылыя людзі ўзгадваюць, што раней мелі нядрэнную дапамогу ад дзяржавы — бясплатныя санаторнае лячэнне і лекі, два тыдні дадатковага аплочваемага адпачынку, бясплатны праезд, пэўныя даплаты.

"У мяне здароўе яшчэ адносна нічога — вяду актыўны лад жыцця. Толькі суставы баляць. Раней вельмі дапамагалі паездкі ў санаторыі. Але цяпер, пасля ліквідацыі льгот, за лячэнне трэба аддаваць немалыя грошы. А вось мая жонка моцна хварэе, перанесла мікраінсульт. Даводзіцца адпраўляць яе хоць бы раз у два гады ў платны санаторый. Дзеці былі падчас аварыі з намі. Поўны аб'ём інфармацыі пра небяспеку хавалі, і яны таксама атрымалі дозу апраменньвання", — уздыхнуў ліквідатар. І прызнаўся, што старэйшая дачка нядаўна перанесла дзве аперацыі праз цяжкае захворванне.

Разам з Адамам на сустрэчу з кіраўніком Ватыкана едзе яго жонка Клаўдзія Варанец. Адам спадзяецца, што пасля гэтай сустрэчы з папам Францішкам праблемы насельніцтва, пацярпелага ад Чарнобыля, стануць больш вядомыя ва ўсім свеце. Беларускі ліквідатар верыць, што гэта дасць магчымасць прыцягнуць дадатковую грамадскую дапамогу для чарнобыльцаў.

© Sputnik / Виктор Толочко Апостольскі нунцый Клаудыё Гуджэроцці і архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Апостольский нунций Клаудио Гуджероти и архиепископ Тадеуш Кондрусевич - Sputnik Беларусь
Апостольскі нунцый Клаудыё Гуджэроцці і архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Адам Варанец — вернік гомельскага касцёла Нараджэння Божай Маці. Ён быў адным з заснавальнікаў Беларускай партыі зялёных, актыўна ўдзельнічае ў палітычным жыцці краіны.

Сустрэча арганізоўваецца па ініцыятыве папскага нунцыя ва Украіне Клаўдыё Гуджэроцці. Пробашч гомельскай рымска-каталіцкай парафіі, айцец Славамір Ласкоўскі паведаміў Sputnik, што фарміраваннем беларускай дэлегацыі і арганізацыяй іх паездкі займаўся папскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Гуджэроцці, які на працягу чатырох гадоў быў дыпламатычным прадстаўніком Ватыкана ў Беларусі.

У складзе дэлегацыі, якая адпраўляецца на сустрэчу з папам Францішкам, плануецца ўдзел 20 ліквідатараў з Беларусі і 40 — з Украіны.

Стужка навiн
0