МІНСК, 17 кра — Sputnik. Пра смерць Мартыненкі паведамілі беларускія СМІ са спасылкай на сябра і калегу журналіста Анатоля Мяльгуя.
"Вельмі цяжка ўсьведамляць, што няма чалавека, зь якім я сябрую ўжо больш за 30 год… Найперш Вітаўта ведаюць як выдатнага музычнага крытыка, але ён таксама таленавіта журналіст і паэт, які пісаў вершы для беларускіх гуртоў. Гэта быў вельмі крэатыўны чалавек, які ставіў перад сабой вельмі розныя задачы. Напрыклад, яго марай было ўвядзеньне асобных літар для абазначэння гукаў "дж" і "дз". Але гэта, відаць, так і застанецца яго марай. Пасля яго застаўся вялізны архіў артыкулаў як яго аўтарства, так і іншых музычных крытыкаў — ён усё гэта збіраў. Таксама ў яго грунтоўная калекцыя вінілаў. Шкада, калі гэта прападзе. Гэта ўнікальны здабытак у беларускай музычнай культуры", — распавёў Мяльгуй беларускім СМІ.
Вітаўт Мартыненка нарадзіўся 29 верасня 1959 году ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. З 1983 па 1994 працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара моладзевай ґазэты "Чырвоная змена", быў рэдактарам музычнай рубрыкі "Мелодыя". У 1985 разам з сябрам і музычным крытыкам Анатолем Мяльгуем быў сярод стваральнікаў незалежнага музычнага рок-клубу "Няміга", які ў 1987-м стаў калектыўным сябрам каардынацыйнай рады моладзевых нефармальных суполак.
Аўтар музыказнаўчых кніг "Праз рок-прызму" (1989, New York, разам з А. Мяльгуем), "222 альбомы беларускага року і не толькі" (2006, Менск, разам з А. Мяльгуем), "Rock on-line" (2010, Мінск).
У Вітаўта Мартыненкі засталася 25-гадовая дачка Альдона.