МІНСК, 18 кра — Sputnik. Татальнага чыпавання хатніх жывёл у Беларусі не плануецца, паведаміла прадстаўнік МЖКГ Віялета Андрыянава са спасылкай на законапраект "Аб абыходжанні з жывёламі", грамадскае абмеркаванне якога праходзіць у Беларусі.
Андрыянава патлумачыла, што па ініцыятыве абаронцаў жывёл МЖКГ, якое з'яўляецца распрацоўшчыкам законапраекта, уносіла ў дакумент норму, якая прадугледжвае чыпаванне ўсіх хатніх жывёл, аднак на стадыі ўзгаднення з іншымі зацікаўленымі ведамствамі гэтая прапанова не была падтрымана і выключана з праекта.
"На стадыі ўзгаднення пакінулі толькі норму чыпавання патэнцыйна небяспечных парод сабак", —паведаміла прадстаўнік МЖКГ, патлумачыўшы, што дадзеная норма знікла з-за немагчымасці зрабіць электронную ідэнтыфікацыю хатніх жывёл у сельскай мясцовасці.
"Хоць усе разумеюць, што ідэальная мадэль — гэта чыпаванне ўсіх жывёл. Каб выключыць такое: пагуляў і выкінуў гадаванца. А ён потым халодны-галодны альбо на вуліцы памірае, альбо адлоўліваецца", — сказала Андрыянава.
Закон "Аб абыходжанні з жывёламі" распрацоўваецца ў Беларусі ўжо больш за 10 гадоў, ён закліканы замяніць нарматыўна-прававыя акты, якія рэгулююць парадак утрымання хатніх жывёл.