БАТЭ: над ужываннем мовы нашай мы ўсе працуем кожны дзень

© Sputnik / Егор Еремов / Перайсці ў медыябанкЗаўзятары БАТЭ
Заўзятары БАТЭ - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У арыгінальным адказе на ліст арганізатара кампаніі "Справаводства па-беларуску" барысаўчане ўзгадалі Дэвіда Боўі, пажадалі ўсім цукру ў гарбаце і лавэ ў гаманцы.

МІНСК, 18 кра — Sputnik. Генеральны сакратар БАТЭ Андрэй Вашкевіч напісаў верш на беларускай мове, у якім распавёў, як "жоўта-сінія" выкарыстоўваюць "родную мову", паведамляецца на афіцыйнай старонцы барысаўчан у сацыяльнай сетцы "ВК".

Напісанне верша стала арыгінальным адказам барысаўчан на запыт арганізатара кампаніі "Справаводства па-беларуску" Ігара Случака.

© Photo : страница БАТЭ в соцсети "Вконтакте"Ліст Ігара Случака
Письмо Игоря Случака - Sputnik Беларусь
Ліст Ігара Случака

Случак ў афіцыйным лісце да кіраўніцтва клуба задаў шэраг пытанняў, у прыватнасці: калі з'явіцца беларуская версія сайта, імёны футбалістаў на форме будуць пісаць па-беларуску, а таксама шэраг іншых.

"Шаноўны Iгар! У першую чаргу,

Вялiкi дзякуй Вам за вiншаваннi!

Зiмовую маркоту і тугу

Мы гналi ад сябе падчас чакання

 

Сезона новага. Нарэшце, вось i ён

Пагрукаўся i ў нашае акенца!

I клуб наш — шматразовы чэмпiён —

Ужо адчынiў сваёй "Арэны" сенцы.

 

I Ваш зварот — вясновая прыкмета —

Прыйшоў да нас ужо ў чацвёрты раз.

Канешне, мы ўдзячныя за гэта

I пiшам Вам чарговы наш адказ.

 

Над ужываннем роднай мовы нашай

Мы ўсе ў БАТЭ працуем кожны дзень

Стараецца i Валадзько наш Саша,

Стараецца i Лiхтаровiч-Дзед.

 

У Дудзiнцы — толькi "ранiца", не "утро".

У Дудзiнцы не "арбуз" якi — "кавун"!

I хутка скажа "Смачна есцi!" Дубра,

I "Дзякую!" адкажа наш Мiлун.

 

Не ўсё так проста, але не сумуем,

I спадзяемся, будзе толькi лепш.

Мы мовай карыстаемся, працуем,

Пакуль не iдэальна, не, але ж…

 

На форме мова ў Лiзе чэмпiёнаў,

У сацсетках нашых мова часцяком.

Прафесар наш, Вiталька Радзiвонаў, —

Ён мовы правадыр у кожны дом.

 

Наш шчыры дзякуй Вам за прапановы,

Iх будзем усебакова разглядаць.

Барысаўшчына — край народнай мовы,

Яе тут прагнуць людзi зберагаць.

 

Напрыканцы жадаем вам здароўя —

Яго ж анi купiць, нi намяняць

(Вы ж разумееце: калi ўжо Дэвiд Боўi…

Дык што тады яшчэ пра нас казаць?).

 

Жадаем мiру блiзкiм, шчасця ў хату,

У гарбаце цукру, у гаманцы — лавэ!

Наступным годам Ваш чакаем пяты

Зварот да клуба.

Шчыра Ваш, А.В.

Генеральны сакратар ФК БАТЭ Андрэй Вашкевiч".

Раней старшыня клубнага праўлення Анатоль Капскі заявіў, што БАТЭ пяройдзе на беларускую мову, калі не зможа без гэтага жыць. "Мы пяройдзем на беларускую мову не як даніна модзе. Мы пяройдзем тады, калі зразумеем, што без гэтага не можам жыць. Да гэтага на самай справе трэба імкнуцца. Але мне вельмі не падабаюцца імгненныя рашэнні", — сказаў Капскі.

Стужка навiн
0