Фестываль харавых спеваў "Рэха" адбыўся ў Мінску

© Sputnik / Юлія ХвошчДзяўчына ў вышыванцы
Дзяўчына ў вышыванцы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Гала-канцэрт Трэццяга адкрытага нацыянальнага фестываля-конкурса "Рэха" адбыўся ў Белдзяржфілармоніі. Фестываль доўжыўся цэлы тыдзень, у ім узялі ўдзел 38 спеўных калектываў і вакалістаў з Барысава, Салігорска, Мінска.

МІНСК, 27 кра — Sputnik. Музычная харавая культура, якая апошнія дзесяцігоддзі забывалася, пакрысе адраджаецца. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць Трэці адкрыты нацыянальны фэстываль-конкурс "Рэха", які доўжыўся цягам тыдня. У ім узялі ўдзел 38 спеўных калектываў і вакалістаў з Барысава, Салігорска, Мінска.

На свяце музыкі спявалі дарослыя і дзеці, прафесіяналы і аматары. Сярод канкурсантаў — навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Машэрава, музычнага каледжа імя Міхала Клефанса Агінскага з Маладэчна, сярэдняй школы №20 г. Барысава. Выконваліся беларускія і ўкраінскія песні.

Фестываль, які ўжо становіцца традыцыйным і ладзіцца раз на тры гады, быў запачаткаваны з ініцыатывы Галіны Казіміроўскай, выканаўцы і дырыжора, калі сем гадоў таму быў створаны Творчы цэнтр «BelArtSound» Беларускага саюза музычных дзеячаў з мэтай арганізацыі фестываляў харавой музыкі і прэзентацыі творчых дасягненняў музычных калетываў.

У праграме фестываля адбыліся конкурсныя праслухоўванні, майстар-класы, форумы. Гала —канцэрт Трэццяга фестываля-конкурса адбыўся ў сцянах Белдзяржфілармоні. Выступілі хор БНТУ (Мінск, кіраўнік Алена Клімава), дзіцячы і юнацкі хор"Тоніка" з Ашмянаў, школьны хор "Гармонія"з Барысава, хор "Сябрына" гімназіі №4 (Мінск, кіраўнік Таццяна Барташук).

Гран-пры фестываля атрымаў камерны жаночы хор Лідскага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Людмілы Пясецкай.

Усе прысутныя былі ўганараваныя ўзнёслым настроем, а таксама спадзевам на тое, што харавыя спевы — мастацтва, якое яднае і дапамагае паразумецца — з лёгкай рукі арганізатараў фестываля будзе адраджацца, а сам фестываль з году ў год будзе набіраць моцы, гуртуючы вакол сябе новых выканаўцаў і прыхільнікаў.

І "Рэха" адгукнецца шматгалоссем.

Стужка навiн
0