МІНСК, 27 кра — Sputnik. Конна-трукавае шоу ў выкананні каскадзёраў змогуць убачыць госці фестываля радэа "Залатая шпора-2016", які адбудзецца 30 красавіка ў вёсцы Міжрэчча Валожынскага раёна.
"Самымі відовішчнымі момантамі фестываля будуць, без сумніву, спаборніцтвы па барэль-рэйсінгу — скокаў вакол бочак. Ну і другая "разынка" нашай праграмы — пастановачнае шоу пра амерыканскіх бандытаў", — распавёў Sputnik прадстаўнік арганізатараў мерапрыемства Максім Ланц.
Шоу "Фрэнк і Джэсі: рабаванне па-амерыканску", са слоў арганізатараў, мае гістарычную падаплёку. Браты Фрэнк і Джэсі былі легендарнымі амерыканскімі рабаўнікамі, якія ўчынілі нямала клопатаў Ціхаакіянскай чыгуначнай кампаніі. Таму гледачам абяцаюць яскравае відовішча, у якім будуць і стрэлы, і выбухі, і падзенні, і пагоні на конях. Адмыслова для шоу створаны арыгінальныя дэкарацыі.
Трукі выканаюць каскадзёры клуба "Залатая шпора", якіх запрашаюць кінематаграфісты для пастаноўкі складаных сцэн. Да прыкладу, беларускіх каскадзёраў можна бачыць у такіх праектах як "Снайпер-2. Тунгус", "Дзед Талаш", "Ваўчынае сонца" ды іншых.
Фестываль пазіцыянуецца як "безалкагольны і дзіцячы". Маленькіх гасцей свята вітаюць у "індзейскім лагеры". Дзеці змогуць пастраляць з лука або павучыцца кідаць тамагаўк, распавёў Ланц.
Да таго ж, для дзяцей будзе працаваць атракцыён "Радэа на механічным бычку". Таксама ў праграме фестывалю парад мустангаў, кантры-танцы і шмат жывой музыкі.