МІНСК, 27 кра — Sputnik. На прэзентацыі госці музея даведаюцца шмат захапляльнага пра беларускiя дэтэктывы, казкi ды іншыя здабыткі нашай культуры і літаратуры.
У імпрэзе возьмуць удзел Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Уладзімір Сіўчыкаў, Міхась Скобла, Міхась Тычына, спадчыннікі Алеся Адамовіча і Уладзіміра Караткевіча. Будзе спяваць Ксенія Сляшынская.
Серыя "Мая беларуская кніга" аб'ядноўвае папулярныя і малавядомыя творы беларускіх пісьменнікаў: Адама Міцкевіча і Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Яна Баршчэўскага і іншых майстроў слова. Кнігі гэтай серыі — выдатны падарунак усім аматарам беларускай літаратуры.
Мерапрыемства адбудзецца 27 красавіка ў 18:30 у Літаратурным музеі Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а), уваход вольны.