МІНСК, 28 кра — Sputnik. Беларусь з насцярожанасцю прыслухоўваецца да планаў Расіі да 2020 года адмовіцца ад падпісання сумесных з рэспублікай балансаў паставак мяса і малака і ўзмоцнена дыверсіфікуе экспарт, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў ад гэтага кроку.
Беларусь і РФ штогод падпісваюць балансы па мясу і малаку. На аснове гэтых дакументаў рэспубліка атрымлівае кожны год квоты на пастаўкі сваёй прадукцыі на расійскі рынак. Раней расійскія ўлады заяўлялі, што да 2020 года РФ можа адмовіцца ад падпісання такіх балансаў.
"Мы падпісалі ў сакавіку балансы па пастаўках нашай прадукцыі ў Расію, цяпер з гэтым праблем няма. Але мы бачым заявы расійскіх уладаў пра тое, што да 2020 года яны такія балансы не будуць падпісваць і не будуць мець патрэбу ў нашай прадукцыі", — заявіў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Марыніч у чацвер журналістам у Менску.
"Мы насцярожана ставімся да гэтага", — падкрэсліў ён.
Марыніч дадаў, што з улікам гэтых намераў Беларусь цяпер надае павышаную ўвагу дыверсіфікацыі экспарту. Нягледзячы на тое, што Расія і краіны ЕАЭС застаюцца асноўнымі напрамкамі для паставак беларускай прадукцыі, Мінск напрацоўвае кантакты для экспарту прадуктаў харчавання ў краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і ў Кітай. Зараз 15 беларускіх прадпрыемстваў малочнай галіны ўжо атрымалі сертыфікаты для экспарту ў КНР, вядзецца сертыфікацыя мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў.
Першы намеснік міністра таксама дадаў, што беларускія аграрыі гатовыя да ўступлення Беларусі ў СГА і прагназуемаму экспертамі падзення экспартных цэн.
"З уступленнем у СГА прагназуецца падзенне экспартных цэн для нас, мы да гэтага рыхтуемся і будзем гатовыя", — сказаў Марыніч, падкрэсліўшы, што ў сувязі з гэтым для АПК краіны актуальным становіцца выкананне патрабавання кіраўніка дзяржавы аб зніжэнні сабекошту прадукцыі на 25%.
Раней прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў распарадзіўся актывізаваць працу па далучэнні рэспублікі да СГА. Дакумент прыняты для выканання даручэння прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое было агучана на нарадзе, якая адбылася 29 сакавіка.